Гаворка доўжылася каля гадзіны. Зьмест размовы не паведамляецца, піша Tut.by.
Андрэй Раўкоў сустрэўся зь сям’ёй загінулай падчас салюту ў Менску жанчыны. Міністар абароны размаўляў з дачкой і мужам Натальлі Максімчук каля гадзіны, але пра зьмест размовы не паведамляецца.
Пра сустрэчу паведаміла афіцыйная прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік.
3 ліпеня падчас сьвяточнага салюту на беразе Сьвіслачы непадалёк ад стэлі «Менск — горад-герой» адбылося надзвычайнае здарэньне: салют выбухнуў каля зямлі.
Ад раненьня аскепкам загінула 64-гадовая Натальля Мікалаеўна Максімчук, якая прыйшла на салют разам з дачкой.
Паводле СК, усяго пацярпелі ня менш за 10 чалавек. Распачатая крымінальная справа за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небясьпеку для навакольных. Затрымалі двух прадстаўнікоў кампаніі «Пиро-росс», якая пастаўляла салюты ў Менск .
Раней сьледчыя агучылі чатыры вэрсіі прычынаў здарэньня:
- няспраўнасьць салютных установак;
- няспраўнасьць фаервэрачных вырабаў;
- няправільнае зараджаньне салютных установак;
- няправільная эксплюатацыя салютных установак.
Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.