Гартала старыя фотаальбомы. Узяла картачку маладога бацькі: з войска, сур’ёзны, у форме, падобны да Дэніэла Крэйга. На адвароце: Генадзій Макавік, ягоным тонкім почыркам. Але я Яўгенаўна!
Ён распавёў: бацькі назвалі Генам, а настаўніца ў вясковай школе сказала, што зашмат аднаклясьнікаў маюць тое ж імя ды прозьвішча, таму тата будзе ня Генікам, а Жэнем. І запісала ў журнал.
Пазьней пашпарт выдалі на Яўгена, нават маці звала Жэнікам.
Абодва імені — «высакародныя», але жыцьцё Генадзя і Яўгена магло скласьціся па-рознаму.
Урэшце, і мой лёс мог быць іншы. Бабуля казала: «Ат, што за імя для дзяўча? Каб жа прыгожа назвалі — ці Альжбэта, ці Зузана!»
Аляксандра Макавік
Шаноўныя чытачы, у гэтай рубрыцы кожны з вас можа апублікаваць свой тэкст, калі запрапануе цікавую тэму і ўкладзецца ў 100 словаў. Прысылайце свае прапановы на адрас svaboda@rferl.org