У Маскве паліцыя 14 ліпеня разагнала мірны пратэст за допуск незалежных кандыдатаў на выбары ў Маскоўскую гарадзкую думу.
- У Маскве 14 ліпеня адбылася мірная акцыя пратэсту за допуск незалежных кандыдатаў у Масгардуму.
- Актывісты прайшлі да мэрыі Масквы, а потым да будынка Маскоўскай гарадзкой выбарчай камісіі. Там яны правялі акцыю з намётамі, пасьля чаго паліцыя з ужываньнем сілы разагнала ўдзельнікаў акцыі. ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве разагналі акцыю за сумленныя выбары
- Затрыманыя 39 чалавек, сярод іх Ільля Яшын, Іван Жданаў, Юлія Галяміна, Любоў Собаль і Андрэй Арол. Апошні — зарэгістраваны кандыдат у дэпутаты Масгардумы ад КПРФ, астатнія — незалежныя кандыдаты, у дакумэнтах якіх выбаркам знайшоў «несапраўдныя» подпісы.
- Затрыманьні пачаліся каля 20:00 па маскоўскім часе пасьля таго, як пратэстоўцы ўсталявалі намёты ля будынка Маскоўскага гарадзкога выбаркаму (МГВК). Арганізатары акцыі напісалі заяву кіраўніку МГВК Валянціну Гарбунову з патрабаваньнямі пратэстоўцаў: пераправерыць падпісныя лісты і зарэгістраваць кандыдатаў.
- Паліцыя ацаніла колькасьць удзельнікаў «несанкцыянаванай» акцыі ў 1000 чалавек.
- Дырэктар Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Іван Жданаў паабяцаў, што акцыі ў падтрымку незалежных кандыдатаў будуць праходзіць штодня.
- Напярэдадні акцыі некалькі апазыцыйных кандыдатаў у Маскоўскую гарадзкую думу паведамілі, што выбаркамы забракавалі сабраныя іх штабамі подпісы ў падтрымку вылучэньня. Паводле зьвестак РІА «Новости», па стане на 14 ліпеня МГВК ужо адмовіў у рэгістрацыі дзевяці кандыдатам у дэпутаты.
- Супрацоўніца ФБК Любоў Собаль абвясьціла галадоўку пасьля таго, як у яе прызналі несапраўднымі 725 подпісаў, або 15% пры дапушчальным браку ў 10%. Дырэктар ФБК Іван Жданаў паведаміў, што ў яго абвясьцілі няпэўнымі 1212 подпісаў: нібыта даты ўнясеньня выкананыя ня выбарнікамі. Палітык Дзьмітры Гудкоў напісаў, што ў яго забракавалі 1073 подпісы, 2500 — у яго бацькі Генадзя Гудкова, 2400 — у паплечніка Гудкова Аляксандра Салаўёва. Паводле Ільлі Яшына, камісія выкрасьліла ў яго 11,4% подпісаў. У кандыдата ў дэпутаты Канстанціна Янкаўскаса забракавалі 600 подпісаў пры 440 дапушчальных.
- Канчатковае рашэньне аб рэгістрацыі кандыдатаў ці адмове МГВК прыме 16 ліпеня. Выбары ў Масгардуму адбудуцца 8 верасьня.