Самыя складаныя на дадзеным этапе перамоўнікі па ўступленьні Беларусі ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (World Trade Organization, WTO, СГА) — гэта ЗША і Эўразьвяз, заявіў у інтэрвію праграме «Контуры» тэлеканалу ОНТ першы віцэ-прэм’ер Беларусі Аляксандар Турчын.
«Насамрэч, мы, напэўна, ім удзячныя, бо яны скрупулёзна падыходзяць па кожным пункце дакладу рабочай групы, і для нашых дзяржаўных органаў гэта таксама плюс. Можа быць, на тыя рэчы, на якія мы глядзелі са свайго боку, нам дэманструюць погляд з другога, каб паглядзець на тыя або іншыя працэсы крышку па-іншаму, і насамрэч іх падкарэктаваць», — сказаў Турчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўстралія выступіла за рэфармаваньне СГА. Беларусь у 2020 годзе можа ўступіць у абноўленую арганізацыюЯк паведамлялася раней, першы віцэ-прэм’ер узначальваў беларускую дэлегацыю на 12-м афіцыйным пасяджэньні рабочай групы WTO па далучэньні Беларусі, якое прайшло 11 ліпеня ў Жэнэве.
У пасяджэньні ўзялі ўдзел прадстаўнікі больш за 50 краін-удзельніц WTO. Турчын праінфармаваў удзельнікаў пасяджэньня аб разьвіцьці беларускай эканомікі, прасоўваньні па шляху ўступленьня ў WTO і выніках, дасягнутых з моманту папярэдняга пасяджэньня рабочай групы ў лютым 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы яшчэ і не пачыналі працу па лібэралізацыі гандлю», — Раманчук пра пэрспэктывы далучэньня да WTOКамэнтуючы вынікі перамоваў, Турчын у этэры ОНТ адзначыў:
«Прагрэс відавочны. За гэты кароткі пэрыяд мы зрабілі вельмі шмат — гэта адзначаюць і нашы партнэры, і кіраўніцтва WTO. Я не хачу сказаць, што мы ўжо заўтра ўступім, таму што яшчэ шмат ёсьць пытаньняў , якія патрабуюць абмеркаваньня, прычым не выключаючы абмеркаваньня на самым высокім узроўні. Мы для сябе паставілі нейкі дэдлайн — гэта 12-я міністэрская канфэрэнцыя ў Нур-султане ў наступным годзе ў чэрвені».
Беларусь пачала працэс уступленьня ў WTO ў 1993 годзе і цяпер знаходзіцца на завяршальным этапе далучэньня да арганізацыі, якая аб’ядноўвае 164 краіны.