Шаман зь Якуцку Аляксандар Габышаў, які пешшу праз усю Расею ідзе ў Маскву «выгнаць злога духа Пуціна з Крамля», сабраў масавы мітынг у Чыце. Арганізатарамі акцыі пратэсту былі камуністы і грамадзка-палітычная арганізацыя «Грамадзянская салідарнасьць». Як паведамляе «мбХ-мэдыя», на плошчы сабраліся больш за 700 чалавек. Галоўны лёзунг мітынгу быў «Расея бяз Пуціна».
Відавочцы паведамляюць, што больш за ўсё ўдзельнікі пратэсту чакалі выступ шамана Аляксандра Габышава. Ён паведаміў, што выйшаў зь Якуціі вясной і да Масквы плянуе дабрацца за два гады. Бог яму сказаў, што «Пуцін не чалавек, а дэман, і ён павінен яго выгнаць», сьцьвярджаў прамоўца. Шаман удакладніў, што ўжо пачаў гэта рабіць, пакуль яго галоўныя дзеяньні мірныя: народныя сходы і мітынгі. Аднак калі гэта не дапаможа, ён гатовы ўжыць і «іншыя мэтады».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якуцкі шаман ідзе пешшу ў Маскву «выганяць Пуціна». ВІДЭА, ФОТА«Ад гэтага часу Пуцін вам ня ўказ — жывіце свабодна!» — заявіў Габышаў. У канцы мітынгу ён з актывістамі прасьпяваў казацкую песьню «Ой, то ня вечар». Мясцовыя жыхары маглі асабіста пагутарыць з шаманам, задаць яму пытаньні і сфатаграфавацца.
Якуцкі шаман Аляксандар Габышаў ужо чатыры месяцы ідзе ўздоўж далёкаўсходніх трас у бок Масквы, адкуль у 2021 годзе мае намер выгнаць Уладзіміра Пуціна. За амаль дзьве тысячы кілямэтраў шляху Габышаў пагутарыў з сотнямі кіроўцаў, відэа зь яго казанямі набралі больш за мільён праглядаў.