Памёр вядомы хакейны брамнік, гулец зборнай Беларусі і трэнэр Аляксандар Шумідуб

Аляксандар Шумідуб

Мінулай ноччу на 56-м годзе жыцьця памёр вядомы ў мінулым галкіпэр, гулец нацыянальнай зборнай Беларусі, а ў апошні час — трэнэр брамнікаў «Гомля» Аляксандар Шумідуб, паведамляе сайт Фэдэрацыі хакея Беларусі.

Некалькі дзён таму Аляксандру Шумідубу стала дрэнна пасьля адной з трэніровак, яго адвезьлі ў бальніцу, дзе ён упаў у кому, піша belarushockey.com.

Аляксандар Шумідуб быў выхаванцам менскага «Юнацтва», першыя крокі ў прафэсійным зрабіў у менскім хакейным клюбе «Дынама».

Прызнаваўся лепшым гульцом Беларусі (1991), быў прызэрам юнацкага чэмпіянату Эўропы (1982), пераможца чэмпіянату сьвету 1997 у першым дывізіёне (калі Беларусь упершыню выйшла ў элітны дывізіён), тройчы станавіўся бронзавым прызэрам чэмпіянату Усходнеэўрапейскай хакейнай лігі. Гуляў у зборнай на Алімпіядзе ў Нагана ў 1998 годзе.

За нацыянальную зборную Беларусі выступаў з 1996 па 1998 год.

Пасьля завяршэньня кар’еры хакеіста Шумідуб працаваў трэнэрам брамнікаў. У Гомлі заснаваў першую ў краіне школу галкіпэраў. У аднайменным клюбе адказваў за брамавую лінію з 2005 году.

Пра месца і час пачатку цырымоніі разьвітаньня будзе паведамлена дадаткова.