Патрабаваньні Беларусі падняць тарыф на транзыт нафты справядлівыя, але завялікія, заявіў журналістам віцэ-прэм’ер Расеі Дзьмітрый Козак.
«Патрабаваньні па павышэньні тарыфу на транзыт нафты праз Беларусь справядлівыя, але не да такой ступені, якая была заяўлена беларускім бокам. Не да такой ступені. Гаворка ідзе аб выраўноўваньні, там сапраўды самыя нізкія тарыфы на прапампоўку нафты, ніжэйшыя, чым у Расеі, ніжэйшыя, чым ва Ўкраіне і ў Эўропе. Мы паэтапна выраўнуем гэтыя тарыфы, і прымем рашэньне», — цытуе Козака расейскае агенцтва «Новости».
Адказваючы на пытаньне аб тым, які тарыф ён лічыць справядлівым, Козак заявіў: «Мінімальны — такі ж, як у Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінэканомікі: Рост эканомікі Беларусі замарудзіўся праз брудную расейскую нафтуКозак дадаў, што пытаньне пра тарыфы будзе абмяркоўвацца на перамовах зь віцэ-прэм’ерам Беларусі Ігарам Ляшэнкам у суботу, 13 ліпеня. У прэс-службе беларускага ўраду агенцтву «Новости» пацьвердзілі інфармацыю аб суботніх перамовах пра тарыф на транзыт расейскай нафты.
У лісьце ад 1 ліпеня на адрас расейскай манаполіі «Транснефть», беларускае прадпрыемства «Гомельтранснафта» прасіла ўзгадніць рост тарыфаў на транспартаваньне нафты на 21,7% з 1 жніўня 2019 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь гатовая спагнаць праз суд кампэнсацыю за брудную расейскую нафтуГэта мелася б кампэнсаваць выдаткі, якія ўзьніклі ў выніку форс-мажору на нафтаправодзе «Дружба», калі ў красавіку на беларускія НПЗ паступіла брудная расейская нафта.
Беларускі бок заявіў аб пастаўках забруджанай нафты з боку Расеі 19 красавіка, транзыт нафты ў Эўропу быў спынены 24 красавіка. Кандыцыйная нафта пачала паступаць у Беларусь 4 траўня.