Туркмэнскіх чыноўнікаў у рэгіёне на поўначы краіны абавязалі адпачыць на Касьпійскім курорце Аваза пад пагрозай звальненьня. Ім загадалі купіць пуцёўкі цаной тры сярэдніх зарплаты чыноўніка. Пра гэта піша казаская служба Радыё Свабода.
«Нам кажуць, што ўсіх, хто не паедзе [ў Авазу], стоадсоткава звольняць», — паведаміў на ўмовах ананімнасьці дзяржаўны службовец ў горадзе Дашагуз. Ён папрасіў не публікаваць сваё імя, бо асцерагаецца за ўласную бясьпеку.
Паводле чыноўнікаў, ім загадалі купіць пуцёўкі ў сярэнім па 740 даляраў на чалавека. Органы мясцовай улады ў Дашагускай вобласьці, чыноўнікі якой паскардзіліся на прымусовы адпачынак, не адказалі на запыт Радыё Свабода пра камэнтар у сувязі з заявамі службоўцаў.
Авазу будавалі з 2007 па 2017 год. Гэты курорт быў часткай амбіцыйнага пляну аўтарытарнага прэзыдэнта Гурбангулы Бэрдымухамэдава па стварэньні ў Туркмэністане турыстычнай інфраструктуры сусьветнага ўзроўню. На праект патрацілі ня менш за пяць мільярдаў даляраў, паведамляла выданьне «Слон», але курорт пустуе. Для грамадзян краіны ён застаецца занадта дарагім, замежнікам вельмі цяжка атрымаць візу ў Туркмэністан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія ВНУ могуць страціць туркмэнскіх студэнтаў