4 ліпеня на хлебазаводзе ў Чавусах (Магілёўская вобласьць) загінула 52-гадовая жанчына, траўмаваная цестамеснай машынаю. Празь пяць дзён стала вядома пра сьмерць яшчэ аднаго супрацоўніка. Што здарылася?
«Пасьля допыту трэсьліся рукі»
Свабода высьветліла, што работніка звалі Ўладзімерам С. Ён працаваў у адной зьмене зь нябожчыцай Тамарай Б. Знаёмыя характарызуюць Уладзімера як спакойнага, ураўнаважанага чалавека. Кажуць, што пасьля допыту сьледчых ён быў «зьбялелы, як сьмерць, і ў яго трэсьліся рукі». На пытаньні, што зь ім, не адказваў.
9 чэрвеня стала вядома пра ягоную сьмерць. Родзічы пакуль устрымаліся ад размовы з журналістам.
Сьледчы камітэт: дзьве сьмерці не зьвязаныя
«49-гадовы мужчына першым аказваў дапамогу жанчыне, якая загінула. З гэтай прычыны ён апытваўся ў межах праверкі па факце яе сьмерці, — сказала Свабодзе прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова. — Загінулы аніяк не адказваў за абслугоўваньне цестамеснага абсталяваньня і ня нёс аніякай адказнасьці за ягоную спраўнасьць».
Раней Сьледчы камітэт паведаміў, што работніца райспажыўтаварыства загінула на працоўным месцы а 22 гадзіне 4 ліпеня.
«Сьледча-апэратыўнай групай праведзены агляд месца здарэньня, вынята дакумэнтацыя па ахове працы і тэхніцы бясьпекі, апытаныя калегі загінулай. Дзеля высьвятленьня прычыны сьмерці прызначана судова-мэдычная экспэртыза», — гаварылася ў паведамленьні Сьледчага камітэту.
Выдаткі на пахаваньне работнікаў аплаціў працадаўца
Старшыня праўленьня Чавускага райспажыўтаварыства Мікалай Глушкевіч сказаў, што прычыны сьмерці работнікаў высьвятляюць сьледчыя органы.
«Заключэньняў ніякіх я даваць не магу. Як толькі Сьледчы камітэт усе паперы дасьць, то тады я буду валодаць інфармацыяй», — кажа Мікалай Глушкевіч.
Паводле яго, выдаткі на пахаваньне абодвух работнікаў узяло на сябе райспажыўтаварыства. Загінулыя адпрацавалі на прадпрыемстве па некалькі дзясяткаў гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны тут увесь дзень насіліся на гэтай машыне». Рэпартаж зь Белаазёрску, дзе ў аўтааварыі загінулі пяць чалавек