У Берасьці асудзілі беларуса, які ваяваў на Данбасе і ў Сырыі

Ілюстрацыйнае фота. Сьцяг ДНР

10 ліпеня ў Берасьцейскім абласным судзе абвясьцілі прысуд 44-гадоваму беларусу за ўдзел ва ўзброеным канфлікце на паўднёвым усходзе Ўкраіны, у так званай «ДНР», паведамляе Tut.by.

Мужчыну прызналі вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы і пакаралі 2 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Суд улічыў зьмякчальныя абставіны: яўку з павіннай, раскаяньне і спрыяньне сьледзтву.

Мужчыну ўзялі пад варту ў залі суду. Прысуд не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы, якія загінулі на Данбасе ў баях за Ўкраіну і «ЛДНР». Сьпісы з абодвух бакоў

Абвінавачаны — жыхар Берасьця Вадзім, меў сярэднюю адукацыю (скончыў Ганцавіцкую дапаможную школу-інтэрнат), працаваў на адным з прадпрыемстваў Берасьця. У войску не служыў з прычыны стану здароўя. Тройчы прыцягваўся ў Беларусі да крымінальнай адказнасьці за крадзяжы.

На Данбас Вадзім прыехаў у 2015 годзе. На пасяджэньні суду 1 ліпеня ён патлумачыў суду, што «запісаўся добраахвотнікам з ідэйных меркаваньняў». Яго залічылі радавым у штурмавы полк марской пяхоты. Ваяваў пад пазыўным «Ветрык».

Вадзім удзельнічаў у баявых дзеяньнях у вёсцы Камінтэрнава Данецкай вобласьці. З 3 сакавіка па 10 ліпеня 2016 году знаходзіўся паблізу вёскі Соханка Новаазоўскага раёну, потым, да 21 лістапада, быў каля лініі разьмежаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне ўпершыню затрымалі грамадзяніна Беларусі за ўдзел у баявых дзеяньнях на баку «ДНР»

У 2017 годзе Вадзім паляцеў у Сырыю. Правёў там два месяцы — з 23 кастрычніка да 21 сьнежня, потым вярнуўся ў «ДНР».

22 траўня 2018 году берасьцейца залічылі шарагоўцам у батальён данецкай народнай міліцыі на пасаду старшага стралка, 1 жніўня яго перавялі ў кулямётчыкі. За некалькі гадоў удзелу ў вайсковым канфлікце ў «ДНР» Вадзім двойчы быў паранены: адзін раз у руку, другі — у нагу.

У канцы 2018 году ён зьехаў у Берасьце — нібыта ў адпачынак. У судзе патлумачыў, што вяртацца назад не зьбіраўся з прычыны «афіцэрскай сваволі» ва ўзброеных фармаваньнях «ДНР».

У Берасьці мужчына напісаў яўку з павіннай і аднёс яе ў КДБ. На яго завялі крымінальную справу і ўзялі пад варту, пазьней пад хатні арышт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здаўся добраахвотна, прызнаў віну». Што вядома пра арыштаванага ва Ўкраіне беларуса з «ДНР»