Кампанія Boeing страціла тытул найбуйнейшага вытворцы самалётаў у сьвеце

Cамалёт Boeing 737 MAX, ілюстрацыйнае фота

Амэрыканская кампанія Boeing страціла тытул найбуйнейшага сусьветнага вытворцы самалётаў, саступіўшы эўрапейскаму канкурэнту Airbus. Гэта адбылося на фоне падзеньня на 37% паставак самалётаў замоўнікам у першым паўгодзьдзі.

У кампаніі 9 ліпеня паведамілі, што адправілі ў першым квартале бягучага году 239 камэрцыйных самалётаў замоўнікам, у той час як Airbus зрабіў 389 паставак за той жа пэрыяд, а гэта на 28% больш, чым за аналягічны пэрыяд мінулага году. Такія лічбы сьведчаць, што пастаўкі самалётаў Boeing сёлета, падобна, адстануць ад Airbus ўпершыню за восем гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 400 пілётаў падалі ў суд на Boeing за ўтойваньне дэфэктаў самалётаў 737 MAX

На падзеньне продажаў амэрыканскай авіякампаніі паўплывалі катастрофы двух новых самалётаў Boeing 737 MAX, у якіх агулам загінулі 346 чалавек. Гэта прывяло да далейшага прыпыненьня палётаў лайнэраў гэтай мадыфікацыі, а потым нанесла важкі ўдар па даходах кампаніі. У красавіку Boeing паведаміў, што выдзеліў каля 1 мільярда даляраў на выдаткі, зьвязаныя з прыпыненьнем палётаў усіх самалётаў 737 MАХ, аднак аналітыкі мяркуюць, што гэтая лічба рэзка ўзрасьце.

Фэдэральная авіяцыйная адміністрацыя ЗША на мінулым тыдні выявіла новую праблему з самалётамі Boeing 737 MAX, заблякаваўшы вяртаньне самалёта ў эксплюатацыю як мінімум да канца верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У самалётах Boeing 737 MAX знайшлі новую праблему