У выпадку «інэрцыйнага разьвіцьця», зь якім улады Беларусі зьбіраюцца змагацца, рост эканомікі можа запаволіцца да толькі 2,5% валавага ўнутранага прадукту на год, перадае БелаПАН заяву намесьніка міністра эканомікі Дзьмітрыя Ярашука. Міжнародны валютны фонд бачыць пагрозу ня росту, а падзеньня.
Што робяць улады
Як расказаў Дзьмітры Ярашук на канфэрэнцыі, што зладзіла агенцтва Fitch Ratings 9 ліпеня ў Менску, структурныя зьмены ў беларускай эканоміцы «ідуць ня надта хутка», але «нельга сказаць», што яны не праходзілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінэканомікі: Рост эканомікі Беларусі замарудзіўся праз брудную расейскую нафтуЁн адзначыў скарачэньне долі дзяржаўнага сэктару ў ВУП, рост унёску ў эканоміку прадукцыйнага малога і сярэдняга бізнэсу, разьвіцьцё ІТ-сфэры. Але дадаў, што для ўстойлівага разьвіцьця «гэтага недастаткова», бо калі ўсё застанецца як ёсьць («пры інэрцыйным сцэнары разьвіцьця»), то рост эканомікі запаволіцца да 2,5% ВУП на год зь леташніх 3%.
Дзяржаўныя органы разам з Сусьветным банкам, кажа Ярашук, працуюць над «дарожнай мапай падвышэньня эфэктыўнасьці нацыянальнай эканомікі». Склад групы зацьверджаны, але праца «ідзе недзе ня так хутка, як хацелася б», бо беларускі бок «мусіць улічваць і сацыяльныя фактары», а з боку чальцоў працоўнай групы часта гучаць «прапановы, надта радыкальныя для нас».
Чаго баіцца МВФ
Стратаў ад расейскага падатковага манэўру, якія Ярашук ня згадваў.
Яны, як расказаў на канфэрэнцыі прадстаўнік МВФ у Беларусі Надзім Ілахі, могуць каштаваць краіне «да 5% ВУП да 2024 году», а пытаньне кампэнсацыі за падатковы манэўр не ўрэгуляванае дагэтуль. МВФ бачыць «вялікую рызыку» ў магчымым зьніжэньні даходаў у выпадку зьменаў умоваў паставак нафты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Сямашка патлумачыў, чаму Беларусь «ня зможа перажыць» падатковы манэўр РасеіЭканамісты Сусьветнага банку там часам прагназуюць, што рост беларускай эканомікі захаваецца, але будзе ніжэйшым за 2%, у выпадку адсутнасьці кампэнсацыі стратаў за падатковы манэўр. Але ў прагнозе Сусьветнага банку адзначалася і тое, што ў найгоршым сцэнары (без усялякай кампэнсацыі) беларуская эканоміка «можа скаціцца ў рэцэсію».
Fitch ацэньвала беларускія страты ад падатковага манэўру ў суму да 10,6 млрд даляраў за 5 гадоў, а гэта каля 18% ад ВУП за мінулы год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка згадаў эканамічныя пагрозы ў прамове 3 ліпеняБеларусь і Расея больш за год абмяркоўваюць кампэнсацыю падатковага манэўру, але Расея зьвязвае яе (а таксама цану на газ) з «паглыбленьнем інтэграцыі». Гэта можа стаць тэмай чарговых перамоваў Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна, заплянаваных на 18 чэрвеня.
Лукашэнка казаў, што яны з Пуціным дамовіліся не ламаць дамову аб стварэньні «саюзнай дзяржавы» — але пра ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі ці наадварот «нават размаўляць ня трэба».
Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.