У Амстэрдаме пачалася найбольшая і найскладанейшая публічная рэстаўрацыя карціны ў гісторыі мастацтва.
Група з 12 адмыслоўцаў і экспэртаў у галіне мастацтва пачала працаваць над аднаўленьнем адной з самых вядомых карцін у сьвеце — «Начнога дазору» Рэмбранта.
Аднаўленьне «Начнога дазору» адбываецца ў Дзяржаўным музэі (Rijksmuseum) у Амстэрдаме, то бок у месцы, дзе гэтую карціну штогод бачаць каля 2 мільёнаў наведнікаў.
Асаблівасьць і беспрэцэдэнтнасьць гэтай рэстаўрацыі ў тым, што яна будзе адбывацца на вачах усяго сьвету — кіраўніцтва музэю паабяцала, што за працай адмыслоўцаў будзе можна сачыць у онлайн-трансляцыях.
Уся рэстаўрацыйная праца адбываецца ў адмысловай шкляной камэры ў адведзенай залі музэю, і за працай змогуць назіраць ня толькі карыстальнікі інтэрнэту, але і наведнікі Дзяржаўнага музэю ў Амстэрдаме, паколькі ён будзе працаваць у сваім звычайным рэжыме.
Дырэктар музэю Така Дыбітс мяркуе, што праца над карцінай Рэмбрандта можа працягнуцца да 10 месяцаў. Дыбітс параўнаў з вайсковай апэрацыяй перамяшчэньне карціны, якая мае памер 363×437 см і важыць 337 кіляграмаў, са сьцяны ў выставачнай залі музэю ў адмысловую шкляную камэру для рэстаўрацыі.
«На працягу наступных 10 месяцаў мы зробім, пласт за пластом і пігмэнт за пігмэнтам, мапу карціны, а потым, зыходзячы з гэтага, зробім плян рэстаўрацыі, а пасьля пачнём саму рэстаўрацыю», — цытуе Дыбітса The Guardian.
Даведка:
Карціну «Начны дазор» Рэмбрант закончыў у 1642 годзе на замову Стралковага таварыства ў Амстэрдаме. Арыгінальная назва карціны: «Выхад стралковай роты капітана Франса Банінга Кока і лейтэнанта Вілема ван Ройтэнбурга». Франс Банінг Кок быў бурмістрам Амстэрдаму ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя, а Ройтэнбург — ягоным падначаленым. Гэта дзьве цэнтральныя постаці на карціне.
У XVIII стагодзьдзі палатно абрэзалі з усіх бакоў, каб карціна зьмясьцілася ў новай залі. Больш за ўсё пацярпела левая частка карціны, дзе зьніклі два стралкі. Захавалася копія XVII стагодзьдзя, паводле якой можна меркаваць аб страчанай частцы карціны.
Карціна атрымала назоў «Начны дазор» у XIX стагодзьдзі, паколькі за папярэднія 150 гадоў настолькі пацямнела, што ўсім здавалася, нібыта яна адлюстроўвае начную сцэну выхаду гарадзкой варты. Толькі ў сярэдзіне ХХ стагодзьдзя, калі з карціны зьнялі пласт ляку і бруду, якім пакрыў яе час, было выяўлена, што карціна насамрэч прадстаўляе дзённую сцэну выхаду стралкоў на заданьне.
Карціну да гэтага часу рэстаўравалі як мінімум тры разы, пасьля актаў вандалізму. У 1911 і 1975 гадах карціну пашкодзілі нажом, а ў 1990 годзе уцякач з псыхіятрычнай клінікі абліў яе сернай кіслатой.
Рэстаўрацыя онлайн: https://www.rijksmuseum.nl/en/nightwatch.
У Фэйсбуку: https://www.facebook.com/rijksmuseum/.