У Ганконгу зноў адбылася акцыя супраць закону аб экстрадыцыі ў Кітай. Дзясяткі тысяч пратэстоўцаў 7 ліпеня прайшлі маршам па турыстычных кварталах ў цэнтры гораду. Удзельнікі маршу дайшлі да чыгуначнай станцыі, якая зьвязвае Ганконг з мацерыковым Кітаем. Пасьля гэтага паліцыя заблякавала ўваход на вакзал. Аб затрыманьнях не паведамляецца.
Пратэсты ў горадзе працягваюцца ўжо месяц у сувязі з намерам уладаў рэгіёну дазволіць экстрадыцыю асобаў, якія падазраюцца ў парушэньні закону, у мацерыковы Кітай. Крытыкі законапраекту лічаць, што ён можа быць выкарыстаны для перадачы ў рукі кітайскіх уладаў дысыдэнтаў і несправядліва перасьледаваных людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя выціснула пратэстоўцаў з парлямэнту Ганконгу1 ліпеня пратэстоўцы занялі будынак парлямэнту. Кіраўніца ураду Кэры Лам пасьля гэтага заявіла, што ўлады больш ня будуць разглядаць закон аб экстрадыцыі ў Кітай. Але пратэстоўцы засталіся незадаволеныя гэтым абяцаньнем. Яны патрабуюць афіцыйна адхіліць законапраект, а таксама патрабуюць адстаўкі самой Кэры Лам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца ураду Ганконгу выбачылася перад пратэстоўцамі