Днём 7 ліпеня ў Берасьці прайшло традыцыйнае кармленьне галубоў і шэсьце па горадзе ў знак пратэсту супраць будаўніцтва каля гораду акумулятарнага завода. На яго сабралася каля 150 чалавек.
У другі раз падчас кармленьня галубоў у абласным цэнтры пабываў апазыцыйны палітык Мікалай Статкевіч. Ён выказаў словы падтрымкі людзям, якія больш за год «стаяць за сваё».
«Я ня мог не прыйсьці і не пакарміць галубоў разам з вамі, выказаць павагу людзям, якія тут больш за год стаяць за сваё. Прыйшлося, праўда, „папятляць“, каб дабрацца сюды», — сказаў Статкевіч
На яго думку, сытуацыя залежыць ад людзей, якія пратэстуюць.
«Як толькі аслабіце ціск, усё вернецца Зноў. Завод можа быць падараваны нейкаму іншаму фаварыту Лукашэнкі, можа быць аддадзены дзяржаве, і гэта будзе самае горшае. Але гарантыі, на жаль, даць немагчыма», цытуе Статкевіча «Брестская газета».
Як вынікае з апошняга адказу з аблвыканкама, па стане на 2 ліпеня акумулятарны завод ня ўведзены ў эксплёатацыю. Цяпер там ідуць наступныя працы: кансэрвацыя сыстэм ачышчальных збудаваньняў, кансэрвацыя сховішчаў аксыду сьвінцу, лініі вытворчасьці аксыду сьвінцу і іншыя.