У Кобрынскім раёне затрыманы ўчыніў самагубства ў міліцэйскай машыне, паведаміў прэсавы сакратар МУС у «Тэлеграме».
6 ліпеня ўначы міліцыянты прыехалі ў вёску Стрыгава на паведамленьне пра ўчыненае злачынства. На месцы разбору ўсчаўся сямейны скандал.
За адміністрацыйнае правапарушэньне затрымалі мясцовага жыхара 1986 году нараджэньня. Яго пасадзілі ў міліцэйскі аўтамабіль «ГАЗ» – у спэцыяльны адсек для затрыманых. Там мужчына ўчыніў суіцыд.
Супрацоўнікі міліцыі і брыгада хуткай мэдычнай дапамогі праводзілі рэанімацыйныя мерапрыемствы, але выратаваць мужчыну не змаглі.
Кобрынскі аддзел сьледчага камітэту займаецца праверкай здарэньня.
Летась у лістападзе падобнае здарэньне адбылося ў Нясьвіскім раёне. Тады ў міліцэйскім аўтамабілі загінуў жыхар вёскі Слаўкава, 48-гадовы Сяргей Абрамовіч. Паводле вэрсіі міліцыі, ён зачапіў матузок ад чаравіка за частку кратаў і засіліўся. Сваякі і аднавяскоўцы Сяргея з сумневам паставіліся да гэтай вэрсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адміністрацыя Лукашэнкі сочыць за расьсьледаваньнем сьмерці ў міліцэйскай машыне пад Нясьвіжам