Газэта «Московский комсомолец» пагутарыла са сваякамі і калегамі двух расейскіх грамадзян, затрыманых у справе аб выбуху салюту ў Менску, ад якога загінула жанчына.
Паводле выданьня, затрыманыя супрацоўнікі кампаніі «Пиро-Росс» зь Сергіева Пасаду, якая паставіла ў Беларусь піратэхнічныя снарады, — гэта 25-гадовы Максім Сапронаў і 28-гадовы Канстанцін Дзянісаў. Яны суправаджалі груз у Беларусь і меліся сачыць за запускам на сьвяце ў Менску.
«Московский комсомолец» сьцьвярджае, што падчас сьвяткаваньня ўсе наладачныя работы выконвалі беларускія вайскоўцы, а супрацоўнікі кампаніі «Пиро-Росс» толькі «назіралі за працэсам».
«Максім і Косця знаходзіліся там як звычайныя кансультанты, — цытуе выданьне дырэктара вытворчасьці Канстанціна Шапавалава. — Яны ня маюць ніякага дачыненьня да вырабу прадукцыі. Паводле пасады яны інжынэры-канструктары. Іх там не павінна было быць. Іх адправілі проста праз таварыскія адносіны. Што тычыцца абвінавачваньняў у тым, што прадукцыя няякасная, то пра гэта можна казаць толькі пасьля правядзеньня комплекснай экспэртызы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра расейскую кампанію, прадукцыя якой стала прычынай трагедыі падчас салюту ў Менску«Московский комсомолец» таксама піша, спасылаючыся на неназваных экспэртаў, што прычынай што прычынай надзвычайнага здарэньня «магла стаць дрэнная якасьць марціры, а не зараду».
Між тым, Сьледчы камітэт Беларусі паведамляў: «У ходзе сьледзтва ўстаноўлена, што ў працэсе зараджаньня салютных установак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусьцілі парушэньне парадку работы з фаервэркавымі вырабамі. А менавіта ажыцьцяўлялі мэханічнае ўзьдзеяньне на набоі піратэхнікі пры зараджаньні мартыраў, не прадугледжанае правіламі абыходжаньня зь імі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нядбайнасьць ці дывэрсія? Вайсковыя экспэрты і піратэхнік пра прычыны выбухаў на салюце 3 ліпеняПаводле выданьня «Московский комсомолец», допыт Дзянісава і Сапронава працягваўся 12 гадзін, іх цяперашняе месцазнаходжаньне невядомае, а ў Менск адправіўся юрыст кампаніі «Пиро-Росс», які будзе вырашаць пытаньне абароны затрыманых.
Трагедыя падчас салюту 3 ліпеня. Што здарылася
- Падчас салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня ў Менску адбыліся 4 выбухі снарадаў для фаервэрку.
- Ад раненьня аскепкамі загінула жанчына. Пацярпелі яшчэ 10 чалавек. Салютныя ўстаноўкі разбураныя.
- Ад месца запуску салютаў у парку Перамогі да месца, дзе была сьмяротна параненая жанчына, было больш за 500 мэтраў. Шыбы ў дамах на вуліцы Чарвякова аскепкі разьбілі на адлегласьці больш як кілямэтар.
- Збоі пры запусках салютаў адбыліся таксама на пляцоўках ў Чыжоўцы і ва Ўруччы. Паводле відавочцаў, снарады разарваліся нізка над зямлёй.
- СК пачаў крымінальную справу за парушэньне правілаў абыходжаньня з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небясьпеку для навакольных. Паводле ч. 2 арт. 463 Крымінальнага кодэксу пагражае да 5 гадоў турмы.
- 4 ліпеня ў Менску затрымалі падазраваных у выбуху, гэта прадстаўнікі фірмы — пастаўшчыка фаервэркаў.
- Напярэдадні трагедыі вайскоўцы паведамлялі, што падчас салюту 3 ліпеня будуць выкарыстоўваць новыя фаервэркі, аднак пасьля здарэньня Мінабароны паведаміла уначы, што «зарады гэтай партыі ўжо ўжываліся для салютаў».
- Зарады, якія выкарыстоўвалі падчас салюту 3 ліпеня, зроблены ў Расеі. Мінабароны Беларусі выказала меркаваньне, што прычынай выбухаў сталі няякасныя зарады калібру 195 мм (аднаго з пяці ўжытых).
- Дзяржаўныя СМІ не сьпяшаліся паведамляць пра трагічнае здарэньне падчас сьвяточнага салюту ў гонар афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. А Беларуская тэлевізія ўвогуле праігнаравала яго.
- Гэта ня першая трагедыя падчас сьвяткаваньня афіцыйнага Дня Незалежнасьці 3 ліпеня. У 2008 годзе ў Менску падчас сьвяткаваньняў адбыўся выбух. Пацярпелі каля 50 чалавек. Выбухнула самаробная выбуховая прылада, начыненая мэталічнымі гайкамі і цьвікамі. Вінаватым у выбуху прызналі Дзьмітрыя Канавалава, у 2011 годзе яму прысудзілі сьмяротнае пакараньне падчас працэсу аб тэракце ў менскім мэтро.