Анжаліка Агурбаш заявіла, што ў 2005 годзе арганізатары Эўравізіі прапанавалі ёй палітычны прытулак у Эўразьвязе, калі яна крытычна выкажацца пра кіраўніцтва Беларусі. Украінскія арганізатары Эўравізіі, зь якімі пагаварыла Свабода, яе заяву абвяргаюць: «Гэта не палітычны конкурс».
Беларуская сьпявачка Анжаліка Агурбаш у чэрвені наведала шоў на расейскім дзяржаўным тэлеканале «Россия 1» — «Лёс чалавека з Барысам Карчэўнікавым». Там яна распавяла, што ў 2005 годзе, калі яна ўдзельнічала ў Эўравізіі, ёй прапанавалі палітычны прытулак у Эўропе.
Для гэтага ён нібыта трэба было скрытыкаваць палітычнае становішча ў Беларусі. Прапанова, па яе словах, паступіла ад «гаспадароў Эўравізіі». Што за гаспадары, сьпявачка не ўдакладніла, але конкурс тады праходзіў у Кіеве.
«Тады была палітычная сытуацыя, неспрыяльная для Беларусі. Перад паўфіналам конкурсу на мяне выйшлі гаспадары Эўравізіі і прапаноўвалі мне палітычны прытулак, калі я адмоўлюся ад Беларусі і заяўлю, што краінай кіруе дэспат і тыран. Мне забясьпечаць палітычны прытулак у Эўропе, я выдатна прадэфілюю на Эўравізіі і, можа быць, нават яе і выйграю», — сказала Агурбаш.
Арганізатары абвяргаюць заяву Агурбаш
Свабода зьвязалася з Паўлам Грыцаком, які быў выканаўчым прадусарам Эўравізіі ў 2005 годзе ва Ўкраіне. Ён сказаў, што сьпявачцы варта было б удакладніць, якія «гаспадары Эўравізіі» ёй гэта прапаноўвалі.
«Гэта складана нават камэнтаваць. Неабходна, каб яна ўдакладніла, хто гэтыя людзі. Я як выканаўчы прадусар Эўравізіі ў 2005 годзе магу сказаць, што гэта не палітычны конкурс. Таму такіх размоваў на ўзроўні арганізатараў проста не магло быць. Нават на ўзроўні тэорыі», — сказаў Павел Грыцак.
У 2005 годзе Анжаліка Агурбаш прадстаўляла Беларусь на Эўравізіі, якая праходзіла ва Ўкраіне. Прадусарам сьпявачкі быў расейскі артыст Філіп Кіркораў, і каманда вельмі разьлічвала на перамогу. Але артыстка нават не прайшла ў фінал.
Свабодзе не ўдалося зьвязацца ні з самой Анжалікай Агурбаш, ні з двума ейнымі прадстаўнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джамалу не запрасілі на «Славянскі базар»