У Расеі зафіксавалі пяць выпускаў неканвэртаваных адсоткавых дакумэнтарных дзяржаўных аблігацыяў на прад’яўніка ад Міністэрства фінансаў Беларусі, піша «Інтэрфакс».
Агульны аб’ём склаў 30 млрд расейскіх рублёў — паводле цяперашняга курсу гэта каля 472,9 млн даляраў. Аблігацыі разьмешчаны чатырма выпускамі па 5 млрд расейскіх рублёў і адным на 10 млрд, два з выпускаў маюць тэрмін абарачэньня тры гады, тры выпускі — пяць гадоў.
Прыблізна гэта і даручаў Савет Міністраў у сакавіку, а анонс разьмяшчэньня зрабілі яшчэ ў мінулым лістападзе. Гэта першы выхад Беларусі на расейскі рынак каштоўных папераў.
Разьмяшчэньня эўрабондаў — падобных аблігацыяў на эўрапейскім рынку — сёлета не плянуюць, хоць эўрабонды разьмяшчаліся на большыя сумы, чым цяперашнія каштоўныя паперы ў Расеі: на 600 млн даляраў у 2018 годзе, на 800 млн у 2017-м. Беларусь зьбіралася, але перадумала разьмяшчаць «панда-бонды» — аблігацыі ў Кітаі. Разьмяшчэньне адклалі, бо «зьявілася магчымасьць» атрымаць ад Банку разьвіцьця Кітаю крэдыт на паўмільярда даляраў.
Цяпер застаецца пад пытаньнем атрыманьне ад Расеі крэдыту, на які ўжо дамовіліся: шосты транш крэдыту Эўразійскага банку чакалі амаль год, прычым з усяго крэдыту на 3 млрд даляраў пераведзена пакуль толькі 1,8 млрд, а лёс «недададзеных» 200 млн застаецца няпэўным. Рашэньне фінансавых пытаньняў Расея зьвязвае з інтэграцыйнымі пытаньнямі. Абмеркаваньне інтэграцыі асабіста між Лукашэнкам і Ўладзімірам Пуціным прызначана на 18 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка згадаў эканамічныя пагрозы ў прамове 3 ліпеняПазыкі даводзіцца вяртаць
Тым часам урад Беларусі і Нацыянальны банк з пачатку году сплацілі па дзяржаўных вонкавых і ўнутраных пазыках 2,007 млрд рублёў, адзначае БелаПАН. У прыватнасьці, у чэрвені выплаціць давялося 250 млн даляраў. За цэлы год плянуецца, што Міністэрства фінансаў сплаціць зь дзяржаўнай запазычанасьці 3,8 млрд даляраў, Нацбанк яшчэ 1,1 млрд.
Нягледзячы на гэта, золатавалютныя рэзэрвы працягнулі расьці праз рост цэнаў на золата — за чэрвень павялічыліся на 2,5% (200,7 млн даляраў), да таго ў траўні — на 6,9% (521,6 млн). Цяпер яны складаюць 8,25 млрд даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даляр будзе па 2,38. Урад заплянаваў, што стане зь бюджэтам і эканомікай у 2021 годзе