У канцы чэрвеня ўкраінскія спэцслужбы правялі апэрацыю на тэрыторыі, кантраляванай «ДНР» і затрымалі былога камандзіра супрацьпаветранай абароны ў горадзе Сьнежнае Ўладзіміра Цемаха. Зацікавіць ўкраінскіх сілавікоў Цемах мог таму, што побач з гэтым горадам 17 ліпеня 2014 году быў зьбіты малайзійскі «Боінг», паведамляе Бі-бі-сі.
Факт затрыманьня Цемаха журналістам пацьвердзілі ягоны кіеўскі адвакат і дачка, якая пражывае на тэрыторыі, кантраляванай «ДНР».
«28 чэрвеня ў дзень канстытуцыі Ўкраіны ён быў дастаўлены ў Кіеў, а 29 чэрвеня Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева прыняў рашэньне аб яго арышце на два месяцы, дата апэляцыі пакуль не прызначаная», — паведаміў Бі-бі-сі адвакат затрыманага Раман Гонтар.
Затрыманаму прад’явілі абвінавачваньне ў стварэньні тэрарыстычнай групы. Калі віна Цемаха будзе даказаная, яму пагражае ад васьмі да пятнаццаці гадоў пазбаўленьня волі. Пакуль суд прыняў рашэньне аб ягоным арышце на два месяцы — да канца жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто датычны да катастрофы Боінга над Данбасам. Трансьляцыя зь Нідэрляндаў