Менскі гарадзкі суд 4 ліпеня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да 41 чалавека за распаўсюджаньне наркатычных сродкаў, паведамляе БелаПАН.
Абвінавачаныя падзеленыя на тры групы, кожную зь іх судзяць асобна. У першай 17 чалавек. Ім прад’явілі абвінавачаньні паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу (арт. 285 «Стварэньне злачыннай арганізацыі альбо ўдзел у ёй», арт. 328 «Незаконнае абарачэньне наркотыкаў арганізаванай групай», арт. 233 «Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць у асабліва буйным памеры»).
Гэтую групу ўжо пачыналі судзіць 10 чэрвеня, аднак пасьля першага паседжаньня судзьдзя ўзяў самаадвод, таму разгляд справы быў прызначаны зноў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Здрада радзіме — 15 гадоў турмы, касяк марыхуаны — 14», — як прайшоў мітынг «Маці-328» у Менску. ФОТАПрацэс праходзіць у будынку суду Маскоўскага раёну сталіцы пад старшынствам Людмілы Сямахінай.
Усе абвінавачаныя знаходзяцца ў «клетцы». Залю ахоўвае вялікая колькасьць міліцыянтаў, байцоў САХР у чорных масках.
Сярод абвінавачаных 22-гадовая грамадзянка Расеі.
Па вэрсіі сьледчых, злачынная арганізацыя дзейнічала з 2015 году, пастаўляла ў Беларусь сумесь насеньня маку і макавай саломкі для далейшага перапродажу. Кіраўніком групы, згодна з абвінавачваньнем, быў 48-гадовы мінчанін. Сыравіну для вырабу наркотыку пастаўлялі з Украіны і Расеі на закансьпіраваныя склады. У Беларусі сумесь фасавалі і прадавалі. Сьледчыя выявілі 54 эпізоды паставак агульнай масай каля 14 тон. На маёмасьць абвінавачаных коштам 159 тысяч рублёў накладзены арышт.