Арганізатары масавых дэманстрацый у Грузіі з патрабаваньнем адстаўкі міністра ўнутраных справаў, якія доўжацца ўжо два тыдні, заяўляюць аб зьмене тактыкі для таго, каб акцыі не завяршыліся безвынікова.
Як паведаміў 3 ліпеня Радыё Свабода адзін з арганізатараў Гіга Макарышвілі, ад гэтага часу акцыі будуць праводзіцца з выкарыстаньнем, як ён выказаўся «партызанскай тактыкі».
Макарышвілі растлумачыў, што пратэстоўцы будуць сачыць за міністрам унутраных справаў Георгіем Гахарыя ўсюды, куды ён ні пойдзе, патрабуючы яго адстаўкі.
«Кожны вечар падчас пратэстаў мы будзем паказваць фільмы пра палітыку Расеі на вялікім мабільным экране. Будуць арганізаваныя прэзэнтацыі кніг і сустрэчы з аўтарамі, якія пішуць пра палітыку Расеі ў Грузіі», — сказаў Макарышвілі.
Антырасейскія пратэсты працягваюцца ў Тбілісі ад 20 чэрвеня. Дэманстрацыі пачаліся пасьля таго, як дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі, камуніст Сяргей Гаўрылаў вёў пасяджэньне Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя, седзячы ў крэсьле сьпікера грузінскага парлямэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Акцыі пратэсту ў Грузіі працягваюцца 10 дзён. Удзельнікі патрабуюць адстаўкі кіраўніка МУСГэта абурыла многіх грамадзян Грузіі, бо перад прыездам у Тбілісі Гаўрылаў пацьвердзіў, што лічыць незваротным прызнаньне Расеяй «незалежнымі дзяржавамі» сэпаратысцкіх рэгіёнаў Грузіі — Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
20 чэрвеня пратэсты перарасьлі ў сутыкненьні пратэстоўцаў з паліцыяй, якая ўжыла сьлезацечны газ і гумовыя кулі супраць дэманстрантаў (якіх усяго было каля 10 000) перад будынкам парлямэнту. Пасьля некалькіх гадзін сутычак, ужыцьця сьлезацечнага газу, гумовых куляў і затрыманьня некалькіх дзясяткаў дэманстрантаў паліцыя разагнала акцыю. Міністэрства аховы здароўя Грузіі паведаміла пра 240 пацярпелых, зь якіх 80 паліцыянтаў.
Больш за 300 пратэстоўцаў былі затрыманыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Грузіі вачыма беларускі: З расейскіх санкцый сьмяюцца