У штогадовым дасьледаваньні хуткасьці шырокапалоснага інтэрнэту брытанскай кампаніі Cable Беларусь заняла 57-е месца з 207 дасьледаваных краінаў (40-е ў Эўропе) – гэта на дзевяць пазыцыяў вышэй за мінулы год.
Паводле дасьледчыкаў, сярэдняя хуткасьць спампоўкі файлаў у Беларусі праз «хатні» інтэрнэт — 13,19 Мбіт/с у 2019 годзе, тады як годам раней было 9,21 Мбіт/с, а два гады таму — 6,68 Мбіт/с. Цяпер фільм памерам у 5 Гб у Беларусі можна спампаваць за 51 хвіліну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі 4G-інтэрнэт назвалі самым павольным у ЭўропеЗ суседзяў ад Беларусі адстае толькі Ўкраіна (81 месца), а абганяюць Расея (54), Польшча (28), Літва (21) і Латвія (16). Суседзі Беларусі ў рэйтынгу — Бэрмуды і Грэцыя (55 і 56), Трынідад і Табага, а таксама Косава (58, 59).
Пры гэтым Бэрмуды год таму адставалі ад Беларусі на 10 месцаў, цяпер абганяюць на адно, бо ў Бэрмудаў за год інтэрнэт стаў хутчэйшым на больш як 4 Мбіт/с. Расея ж за год апусьцілася на сем пазыцыяў, бо хуткасьць інтэрнэту вырасла зусім нязначна.
Найхутчэйшы інтэрнэт у сьвеце зафіксавалі ў Тайляндзе — сярэдняя хуткасьць спампоўкі там аж 85 Мбіт/с. Сьледам у рэйтынгу ідуць Сынгапур, востраў Джэрсі, Швэцыя, Данія і Японія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як пачынаўся інтэрнэт у Беларусі — і што зь ім стала. 15 важных датаў