Рух Салідарнасьці «Разам» афіцыйна зарэгістраваны ў Міністэрстве юстыцыі Ўкраіны як грамадзкая арганізацыя. Дагэтуль арганізацыя была зарэгістраваная ў Літве, Польшчы і Чэхіі.
Ад 2001 году Рух Салідарнасьці «Разам» ладзіць ва Ўкраіне розныя акцыі. Ягоным галоўным палітычным партнэрам выступае Народны Рух Украіны. Найчасьцей акцыі ладзіліся ў Кіеве, Чарнігаве і Львове — у гарадах, у якіх жыве шмат беларусаў.
Сёлета ў жніўні, як паведаміла намесьніца старшыні руху Таісія Кабанчук, у Чарнігаве адбудзецца форум беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі ў падтрымку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У верасьні ў Львове актывісты адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы, а ў лістападзе — дзень Слуцкага збройнага чыну.
У сваю чаргу сустаршыня руху Алена Талстая дадала, што лічыць важным, каб на форуме ў Чарнігаве прагучала падтрымка ідэі аб неабходнасьці стварэньня беларускай царквы:
«Беларусы маюць права на сваю нацыянальную царкву. Гэта вельмі актуальна пасьля таго, як ва Ўкраіне была свторана адзіная памесная праваслаўная царква».
Удзельнікі руху разам са сваімі ўкраінскімі партнэрамі на пачатку лютага наступнага году таксама плянуюць ушанаваць памяць беларускага пісьменьніка Яна Баршчэўскага, які апошнія гады свайго жыцьця правёў у мястэчку Чуднаў Жытомірскай вобласьці. Вясной украінская школьніца знайшла ў Чуднаве надмагільную пліту Яна Баршчэўскага.
«Мы заклікаем усе патрыятычныя ўкраінскія сілы да супрацоўніцтва, бо гэта вельмі важна для супольнай барацьбы з расейскім імпэрыялізмам», — сказаў сябра Сойму руху Вячаслаў Сіўчык.
Кіраўнікі Руху Салідарнасьці «Разам» зрабілі гэтыя заявы на прэсавай канфэрэнцыі ў Кіеве з нагоды рэгістрацыі.
Раней афіцыйную рэгістрацыю ва Ўкраіне атрымаў Беларускі цэнтар «Сябры».