Гісторык Мельнікаў напісаў кнігу пра «магілы неабвешчанай вайны» і Заходнюю Беларусь

Гісторык Ігар Мельнікаў з новай кнігай

Беларускі гісторык Ігар Мельнікаў распачаў на Ulej.by збор грошай на выданьне кнігі «Верасень 1939-га. Магілы „неаб’яўленай“ вайны».

Кніга ўжо напісаная, зроблены сыгнальны экзэмпляр — засталося сабраць 8000 рублёў на выданьне паўнавартасным накладам. Замовіць саму кнігу можна за 90 рублёў, за большыя сумы аўтар прапануе дадаткова запрашэньне на экскурсіі пра міжваенны час і мяжу ля Заслаўя.

Ігар Мельнікаў у кнізе абяцае расказаць пра верасень 1939 году, калі Нямеччына і СССР падзялілі тэрыторыю Польшчы, і пра «вызвольны паход Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь». Яны, адзначае аўтар, разглядаліся аднабока ў савецкай гісторыі і прадстаўляліся як мірны ўваход войскаў бяз бою з радаснымі сустрэчамі зь мясцовымі.

«Пасьля распаду Савецкага Саюзу сьвет убачылі шматлікія архіўныя дакумэнты, якія сьведчылі, што вайсковая апэрацыя, праведзеная РСЧА ў паўночна-ўсходніх ваяводзтвах Другой Рэчы Паспалітай, была цяжкім выпрабаваньнем для войска „першай дзяржавы працоўных і сялян“, а баі супраць аслабленых падразьдзяленьняў Войска Польскага на гэтых тэрыторыях насілі жорсткі і кровапралітны характар», — расказвае гісторык.

Магілы польскіх і савецкіх вайскоўцаў захаваліся на Беларусі да нашых дзён, але агульнай сыстэматызацыяй пахаваньняў раней ніхто не займаўся, сьцьвярджае Мельнікаў. Ён кажа, што і ягоная кніга ня будзе каталёгам, але раскажа пра найбольш значныя пахаваньні і абставіны сьмерці людзей.

Асаблівую ўвагу ён абяцае надаць ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў супраць «польскага кантынгенту», як тады называлі грамадзянаў Польшчы, якія аказаліся ў СССР пасьля далучэньня Заходняй Беларусі.

Ігар Мельнікаў выдаў багата кніг пра беларусаў у міжваенны час і беларускіх вайскоўцаў у Другой усясьветнай вайне. У іх ліку кнігі «Забытыя героі» і «Адысэя палешука», альбом «Мяжа была пад Менскам. 1921–1941 гг.», а таксама кніга пра 20-ю «беларускую» дывізію пяхоты Войска Польскага ў сэрыі «Вялікая кніга пяхоты польскай» на польскай мове, альбом пра польскае войска ў Беларусі ў 1918 і 1919–1920 гг. і фотаальбом пра тое, што вайна для Беларусі пачалася не ў 1941 годзе.