1 ліпеня стала вядома, што на ўсходзе Ўкраіны загінуў ураджэнец Гомля. 21-гадовы Раман Бязрукаў ваяваў на баку так званых «ЛДНР».
Раман быў адзіным унукам жыхаркі Гомля Аляксандры Бязрукавай. Ягоныя бацькі памерлі. «Нікому сірата быў не патрэбны. Цяпер я нават пасьведчаньня аб ягонай сьмерці ня маю», — распавяла Свабодзе Аляксандра Бязрукава.
Раман нарадзіўся ў працоўным пасёлку Касьцюкоўка. Цяпер гэта частка Чыгуначнага раёну Гомля.
Ягоны бацька памёр, калі Раман яшчэ быў малы. «Ад анкалёгіі. Тут у мяне дома і памёр», — кажа Аляксандра. Маці памерла, калі Раману было дванаццаць гадоў. «Яна пасьля сьмерці майго сына яшчэ мела дваіх сужыцеляў, і дваіх дзяцей прыдбала з імі. Яна была прастуджаная, і яшчэ паехала на Хрышчэньне ў палонку ныраць. Запаленьне лёгкіх здарылася — і памерла», — апавядае бабуля.
На працу ўладкавацца ня мог, дапамогі як сірата ня меў
Рому вырашылі аддаць пад апеку ягонай хроснай, якая жыла ў Данецку. Хросная ня мела сваіх дзяцей. Хлопчык гадаваўся ў Данецку, там жа скончыў першы курс тэхнікуму. «У 2014 годзе на Данбасе пачалася вайна. Яны — мая сястра, пляменьніца — хросная Рамана і ён зьехалі ў Крым. Там прасядзелі тры месяцы, пакуль ня скончыліся грошы. Прыехалі ўсе да мяне. Але колькі чалавек можа пражыць на маю адну пэнсію 300 рублёў?», — кажа Аляксандра.
Жыхары Данецку зьехалі на радзіму, Раман застаўся ў бабулі ў Гомлі. «Ён тут скончыў адзінаццатую клясу. На працу ўладкавацца нікуды ня мог. Дапамогі ніякай ніадкуль не было. 18 споўнілася — і ўсе пра сірату забыліся. Грошы яму перасталі плаціць. Стаяў на чарзе як сірата на кватэру — ніхто ніводнага разу не патэлефанаваў, не пацікавіўся ім», — кажа бабуля Рамана.
Унук спрабаваў зарабіць у Гомлі — расклейваў афішы, раздаваў рэклямкі. «Але тых грошай хапала толькі на праезд. Два разы езьдзіў на заробкі ў Маскву — адзін раз заплацілі, другі — не, прадаў мабільны, каб даехаць дахаты. Хадзіў на наш шклозавод — прасіўся на працу, не ўзялі», — кажа Аляксандра.
У выніку ўнук вырашыў у 2017 годзе вяртацца ў Данецк. «Ён думаў, што там будуць якія будоўлі — усё ж разбамбілі, лягчэй знойдзе працу. Потым пайшоў у апалчэньне. Ён мне казаў, што яму шкада тых дзетак, што гінулі ў Данецку. Ён абараняў простых людзей, а не тых, з вялікімі кашалькамі, якія дзяцей сваіх за мяжу зьвезьлі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У менскім аэрапорце сэпаратысты перадалі чатырох палонных украінцаўАляксандра Бязрукава падкрэсьлівае, што унук ня мог сюды вярнуцца «праз загад Лукашэнкі». Жыхарка Гомля мае на ўвазе крымінальны артыкул за ўдзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыях іншых краін.
«Так наш сусед там быў, ваяваў за ДНР. Потым цягалі яго тут, два месяцы ў СІЗА сядзеў», — кажа яна.
Выйшаў на пазыцыю, закурыў — і загінуў
Яна ведае з аповедаў сястры, што Раман загінуў, калі выйшаў на пазыцыю і запаліў цыгарэту. Сьвятло ад запальнічкі, відаць, заўважыў снайпэр, тлумачыць яна.
«Пляменьніца была на пахаваньні, хросная ягоная. Пахавалі Рому ў прыгожым месцы, на Алеі герояў. Ваенныя хавалі. Толькі дагэтуль я не маю пасьведчаньня пра сьмерць — пляменьніца ніяк не можа яго там выбіць. Ужо, сказала, будзе пісаць у пракуратуру», — дадала Аляксандра.
Яна перабірае дакумэнты — розныя пасьведчаньні пра сьмерць: сына, нявесткі, іншых родных.
«Усе памерлі. Празь месяц пасьля сьмерці Рамана і сястра мая ў Данецку памерла. Адны пахаваньні ў мяне».
Праз тое, што Раман публікаваў у сацыяльных сетках здымкі ў вайсковай форме і са зброяй, да бабулі прыходзілі з КДБ.
«Здымкі ягоныя глядзелі, мяне распытвалі. Як ён тут ня мог уладкавацца на працу, ня меў ніякай дапамогі як сірата — то нікога не цікавіла. А тут зацікавіліся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволены ўкраінец заклікаў Зяленскага і Вярхоўную Раду закрыць мяжу зь Беларусьсю