Амэрыканскія караблі ў Адэсе. Ва Ўкраіне пачаліся міжнародныя марскія манэўры

Падчас вучэньняў Sea Breeze 2018, ліпень 2018 году

1 ліпеня на тэрыторыі трох абласьцей Украіны (Мікалаеўскай, Херсонскай і Адэскай) пачаліся штогадовыя ўкраінска-амэрыканскія вучэньні «Sea Breeze».

Раней у Генштабе Ўзброеных сіл паведамлялі, што у 2019 годзе ў вучэньнях плянуюць узяць удзел каля 30 караблёў, 30 лётных апаратаў і звыш 900 вайскоўцаў з розных краінаў сьвету. Звычайна вучэньні цягнуцца 12-13 дзён.

Украінская служба Радыё Свабода сабрала некаторыя факты, якія тычацца лягістыкі вучэньняў «Sea Breeze 2019»:

  • Марская частка вучэньняў Sea Breeze — самая галоўная (сухапутная і авіяцыйная зьяўляюцца дапаможнымі) і найбольш затратная па часе падрыхтоўкі і рэсурсаў.
  • Сёлета на навучаньне ў Адэсу ўпершыню прыбыла амэрыканскае судна USNS Yuma — транспартна-дэсантны хуткаходны катамаран (Joint High Speed Vessels — JHSV), прызначаны для перавозкі вайсковага падразьдзяленьня, тэхнікі, рыштунку.

    Судна забесьпячэньня ЗША USNS Yuma ля прычала Адэскага порта. 29 чэрвеня 2019 году

  • Самалёт A400 Atlas Каралеўскіх Вайскова-паветраных сіл Вялікай Брытаніі даставіў у Адэсу байцоў марскога спэцназу, а таксама спэцыяльнае абсталяваньне, рыштунак і правіянт.

    Брытанскі вайскова-транспартны самалёт даставіў у Адэсу вайскова-марскі спэцназ і абсталяваньне

  • Для ўдзелу ў вучэньнях украінскіх караблёў, катэраў, дапаможных судоў, падрыхтавана больш за 1,5 тысячы тон карабельнага паліва, для паветранай і наземнай тэхнікі — 400 тон авіяцыйнай газы, 50 тон бэнзіну. Замежныя караблі прыходзяць са сваім двухтыднёвым запасам неабходнага — ад боепрыпасаў і паліва да прадуктаў харчаваньня і вады.
  • Палявы лагер сухапутнай часткі вучэньняў Sea Breeze разгарнулі каля Адэсы — на Чарнаморскім палігоне Вайсковай акадэміі. У ім разьмесьцяцца вайскоўцы 8 краінаў сухапутнай групоўкі Sea Breeze, у тым ліку Украіны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Грузіі, Малдовы.

    Палявы лягер на Чарнаморскім палігоне, разгорнуты для сухапутнай часткі вучэньняў

  • Для выкананьня задач падчас сухапутнай кампанэнты вучэньняў украінскае падразьдзяленьне і далучанае да яго малдаўскае забясьпечаць 300 адзінкамі буйнакалібэрных снарадаў, 23 тысячамі адзінак малакалібэрных боепрыпасаў.
  • Пасьля заканчэньня манэўраў згортваньне сіл і сродкаў працягваецца на працягу 3-5 дзён. Усё, што застанецца нявыкарыстаным, паставяць на ўлік і захаваюць да наступных вучэньняў.