Невялікі двухматорны самалёт разьбіўся 30 чэрвеня на поўначы ад Даласа, што ў штаце Тэхас, піша USA Today. Загінулі ўсе 10 чалавек, якія былі на борце. Паводле Associated Press, яшчэ не ідэнтыфікаваныя ўсе ахвяры.
Самалёт Beechcraft BE-350 King Air кіраваўся ў горад Сэнт-Пітэрсбэрг у Флорыдзе, падняўся з узьлётнай паласы, але тут жа нахіліўся набок і ўрэзаўся ў ангар. Пачаўся пажар, які хутка патушылі, але нікога выратаваць не ўдалося. Сьведкі кажуць, самалёт «няправільна гучаў» яшчэ ў час узьлёту — слабей, чым мусіў.
Ці гэта была памылка пілёта, ці тэхнічная няспраўнасьць, пакуль невядома. Вядзецца расьсьледаваньне, у якім удзельнічаюць Фэдэральнае авіяцыйнае ўпраўленьне і Нацыянальная рада бясьпекі на транспарце, іншых падрабязнасьцяў не паведамляецца.