Хваля сьпёкі ў Эўропе працягнецца. У Беларусі таксама пагарачэе

У Эўропе працягнецца анамальна гарачы сэзон. Паводле прагнозаў, на выходныя сьпёка ў шмат якіх краінах Эўропы застанецца, а месцамі ўзмоцніцца.

Да прыкладу, у Брытаніі ў суботу чакаецца да 34 градусаў паводле Цэльсію. У Беларусі таксама чакаецца пацяпленьне прыблізна да 28 градусаў — яно мае прыйсьці ў нядзелю.

Раней сыноптыкі папярэджвалі: лета 2019 году стане ў Эўропе самым гарачым з 2003 году, калі аналягічная анамалія за ліпень і жнівень забрала дзясяткі тысяч жыцьцяў.

  • У Францыі ў пятніцу тэмпэратура дасягнула рэкордных 46 градусаў паводле Цэльсію. Павялічылася колькасьць званкоў у экстранныя мэдыцынскія службы, зьвязаныя з надвор’ем. У жніўні 2003 году анамальная сьпёка была названая прычынай сьмерці 15 тысяч чалавек.
  • У Гішпаніі сотні пажарных і салдат тушылі лясны пажар у паўночна-ўсходнім рэгіёне Каталёніі. 28 чэрвеня шмат якія з гішпанскіх правінцый сутыкнуліся з экстрэмальнымі тэмпэратурамі. Як паведамляе Бі-бі-сі, прынамсі два чалавекі ў Гішпаніі памерлі ад сьпякоты.
  • У Грэцыі, дзе каля 100 чалавек загінулі ў выніку леташняга сьмяротнага пажару на прыбярэжным курорце Маці, бальніцы і ўлады знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску пабіты тэмпэратурны рэкорд 107-гадовай даўнасьці