Савет Рэспублiкi 28 чэрвеня ўхваліў папраўкі ў закон, якія вызначаюць новы парадак даваньня адтэрміновак ад службы ў войску. За прагаласавалі 47 чальцоў верхняй палаты парлямэнту, супраць — адзін, яшчэ адзін не галасаваў, паведамляе БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У іх ёсьць такая кнопка! Чаму дэпутаты амаль заўжды галасуюць «за»Сёньня раніцай Палата прадстаўнікоў прыняла яго ў другім чытаньні. Дакумэнт прадстаўляў міністар абароны Андрэй Раўкоў.
Што зьменіцца
Прыняты ў другім чытаньні законапраект прадугледжвае, што:
- адтэрміноўку ад прызыву для працягу адукацыі ў Беларусі будуць даваць толькі адзін раз (калі адтэрміноўкай студэнт ужо скарыстаўся, то на час службы ва Ўзброеных сілах яму будзе давацца акадэмічны водпуск);
- тым, хто «належным чынам» атрымаў позву аб прызыве, але ўхіляецца ад прызыву, абмяжуюць выезд за мяжу;
- у вайсковым білеце могуць зрабіць пазнаку «адсутнасьць законных падставаў» для непраходжаньня службы, калі чалавек да 27 гадоў ухіляўся ад прызыву;
- тых, хто мае такую пазнаку, ня будуць браць на дзяржаўную службу, у Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства надзвычайных сытуацый, органы фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю, Сьледчы камітэт і Камітэт судовых экспэртызаў;
- замест разьмеркаваньня пасьля навучаньня ў ВНУ дазволяць пайсьці служыць па кантракце бяз выплаты грошай за адмову ад разьмеркаваньня.
Міністар абароны Андрэй Раўкоў тлумачыў, што абмежаваньне на выезд за мяжу будзе тычыцца і тых, каго ваенкамат не знайшоў і ня змог уручыць позву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рашэньне мусяць уручыць асабіста ў рукі». Як «ухілістам» ад арміі будуць абмяжоўваць выезд за мяжу
Канапацкую не паслухалі
Новы парадак даваньня адтэрміновак ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу неадназначна сустрэты ў грамадзтве. 27 чэрвеня дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая паведаміла ў Фэйсбуку, што яе папраўкі да закону аб адтэрміноўках дэпутаты на другім чытаньні разглядаць ня будуць.
«Галоўная камісія мае папраўкі прагназавана не падтрымала. Згодна з рэглямэнтам у гэтым выпадку мае папраўкі павінны асобна выносіцца на галасаваньне ў Авальную залю. Але, паколькі яны разыходзяцца з указамі прэзыдэнта, неабходная ягоная згода на ўнясеньне паправак. А часу на атрыманьне згоды няма — праект унесены ў тэрміновым парадку. Таму папраўкі ня могуць быць вынесеныя на галасаваньне. Вось такое „другое чытаньне“», — напісала дэпутатка.
26 чэрвеня падчас галасаваньня за прыняцьце законапраекту ў першым чытаньні супраць яго галасавалі 6 дэпутатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Для Міністэрства абароны грамадзяне — гэта «прызыўны рэсурс», — ПаротнікаўПерад галасаваньнем Канапацкая адзначыла, што абавязак праходзіць тэрміновую вайсковую службу замацаваны ў Канстытуцыі Беларусі (у арт. 57 названы ня толькі абавязкам, але і «сьвятым доўгам»). Але яна кажа, што не заклікае не выконваць Канстытуцыю — заклікае толькі, каб гэты абавязак не парушаў іншых правоў грамадзянаў.
«Чаму яны павінны перапыняць сваю адукацыю, права на якую таксама прадугледжанае Канстытуцыяй? — казала карэспандэнту Свабоды Канапацкая. — Чаму яны павінны быць абмежаваныя ў выезьдзе, калі нехта ня выканаў рашэньне камісіі, бо, можа, камісія няякасна выканала сваю працу і нават не паспрабавала знайсьці прызыўніка?»
Яна дадае, што ня варта караць прызыўніка некалькі раз: ужо і так ёсьць адміністрацыйная і крымінальная адказнасьць за ўхіленьне ад прызыву, а прапануецца яшчэ і пазбаўляць за ўхіленьне ад прызыву права на дзяржаўную службу.
Акрамя таго, Канапацкая расказала, што цяпер разглядаецца выбарнасьць мясцовага самакіраваньня (канкрэтней, выбары мэраў гарадоў), але незразумела, што тады рабіць з тымі кандыдатамі, якія ўхіляліся ад прызыву.
«Урэшце, чалавек можа зрабіць памылку, а ў 30 гадоў раскаяцца ў гэтай памылцы», — разважае дэпутатка.