У справе былога кіраўніка выбарчага штабу Трампа ня можа быць прэзыдэнцкага памілаваньня

Пол Манафорт у судзе

Былы кіраўнік выбарчага штабу Дональда Трампа лабіст Пол Манафорт не прызнаў віну ў справе аб махлярстве ў буйных маштабах. Абвінавачваньні паводле гэтага артыкулу яму выставіла раённая пракуратура ў Нью-Ёрку.

Наступнае судовае пасяджэньне прызначанае на 9 кастрычніка. Пры гэтым у судзе заявілі, што Манафорта могуць выклікаць у суд перад гэтай датай у рамках сьледчых мерапрыемстваў.

Усяго Манафорту былі прад’яўленыя абвінавачваньні па трох справах. Дзьве зь іх тычыліся ў тым ліку ашуканскіх злачынстваў фэдэральнага ўзроўню. У гэтым выпадку асуджаны можа прасіць прэзыдэнта ЗША аб памілаваньні. Трэцяя ж справа была ўзбуджаная па ініцыятыве раённай пракуратуры ў Нью-Ёрку. Калі Манафорт атрымае ў гэтым выпадку прысуд, Дональд Трамп ня зможа яго абараніць ад крымінальнага пакараньня, паколькі памілаваньнем на гэтым узроўні займаецца губэрнатар штата.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы кіраўнік прэзыдэнцкай кампаніі Трампа асуджаны да 47 месяцаў турмы

Цяпер Пол Манафорт адбывае сем з паловай гадоў турмы за ўхіленьне ад выплаты падаткаў, махлярства ў банкаўскім сэктары і парушэньне правілаў замежнага лабізму. Яго абвінавачвалі ў тым ліку ў парушэньні закона падчас працы палітычным кансультантам экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Падчас працэсу Манафортапапрасіў прабачэньня перад судом за свае дзеяньні і прасіў пра зьмякчэньне пакараньня.

Манафорт быў прыцягнуты да адказнасьці паводле ініцыятывы спэцпракурора Робэрта Мюлера, які расьсьледаваў умяшаньне Расеі ў выбары ў ЗША. Абвінавачваньні на яго адрас наўпрост не зьвязаныя з Расеяй.