Прэзыдэнты ЗША і Расеі Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін правялі ў пятніцу сустрэчу ў часе саміту «Вялікай дваццаткі» (G-20) у японскім горадзе Осака.
Перамовы працягваліся каля 1 гадзіны 20 хвілін. Гэта не была сустрэча «сам-насам», у перамовах удзельнічалі члены дэлегацыяў.
У ходзе перамоваў прэзыдэнты дамовіліся працягнуць дыскусіі аб сучаснай мадэлі кантролю над узбраеньнямі. Як паведаміў Белы дом, яны абмеркавалі сытуацыю ў Іране, Сырыі, Вэнэсуэле і ва Ўкраіне
У паведамленьні гаворыцца, што абодва лідэра пагадзіліся з тым, што паляпшэньне стасункаў паміж ЗША і Расеяй — у інтарэсах кожнай з краін і ўсяго сьвету.
У першыя хвіліны сустрэчы ў прысутнасьці рэпарцёраў Дональд Трамп паведаміў, што плянуе абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным пытаньні гандлю і раззбраеньня. Трамп адзначыў, што разьлічвае на выдатныя вынікі перамоваў з расейскім калегам.
Пуцін заявіў, што лічыць сустрэчу з Трампам у Осацы добрай магчымасьцю працягнуць дыялёг пасьля саміту ў Хэльсынкі.
На пытаньне журналіста пра тое, ці плянуе Трамп абмеркаваць з Пуціным пытаньне расейскага ўмяшаньня ў выбары ў ЗША, Трамп зьвярнуўся да Пуціна са словамі: «Ня ўмешвайцеся ў выбары!» — што выклікала сьмех часткі прысутных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнты ЗША і Расеі праводзяць перамовы ў ОсацыРаней сёньня на саміце ў Осацы прэзыдэнты ЗША і Расеі пагутарылі «на нагах». Яны абмяняліся некалькімі фразамі і разам прайшлі на цырымонію фатаграфаваньня з удзельнікамі сустрэчы.
- Цяперашняя сустрэча — першая пасьля таго, як у канцы леташняга году Трамп адмяніў заплянаваныя перамовы з Пуціным на папярэднім саміце «Вялікай дваццаткі» у Буэнас-Айрэсе. Прычынай стаў інцыдэнт з 24 украінскімі маракамі, захопленымі расейскімі памежнікамі ля берагоў анэксаванага Крыму. Ад тых часоў прэзыдэнты толькі аднойчы размаўлялі па тэлефоне ў траўні сёлета.
- Украінскія маракі па-ранейшаму знаходзяцца пад вартай у Расеі.
- Першая паўнафарматная сустрэча Трампа і Пуціна адбылася ў сярэдзіне ліпеня 2018 гадоў у Хэльсынкі. Абодва тады адзначылі, што перамовы пайшлі добра. У лістападзе 2018 году лідэры дзьвюх краін коратка пагутарылі ў Парыжы на мерапрыемстве ў гонар стагодзьдзя з дня заканчэньня Першай сусьветнай вайны.
- Трамп неаднаразова казаў, што хацеў бы «зладзіць» з Расіяй і асабіста з Пуціным, паколькі добрыя адносіны паміж краінамі, на яго думку — у інтарэсах ЗША.