28 чэрвеня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будуць разглядаць законапраект, які забараняе браць другую адтэрміноўку ад войска на час вучобы.
Ганна Канапацкая паведаміла ў Фэйсбуку, што яе папраўкі да закону аб адтэрміноўках дэпутаты на другім чытаньні разглядаць ня будуць. 28 чэрвеня закон могуць прыняць.
«Галоўная камісія мае папраўкі прагназавана не падтрымала. Згодна з рэглямэнтам, у гэтым выпадку мае папраўкі павінны асобна выносіцца на галасаваньне ў Авальную залю. Але так як яны разыходзяцца з указамі прэзыдэнта, неабходная яго згода на ўнясеньне паправак. А часу на атрыманьне згоды няма — праект унесены ў тэрміновым парадку. Таму папраўкі не могуць быць вынесены на галасаваньне. Вось такое «другое чытаньне», — напісала дэпутатка.
Новы закон, калі яго прымуць, забараняе браць адтэрміноўку ад войска другі раз. Напрыклад, вы ўзялі адтэрміноўку на час вучобы ў ПТВ і ўжо ня можаце ўзяць на час вучобы ва ўнівэрсытэце, калі маеце 18 гадоў. Калі вам яшчэ 17, то праблемы няма, бо ў войска яшчэ не бяруць.
Супраць закону сабралі больш за 10 тысяч подпісаў. Іх сабралі пад пэтыцыяй супраць закону за рэкордна кароткі тэрмін.