На сайце беларускага Прававога форуму пачалося абмеркаваньне праекту пастановы ўраду наконт заказьніка «Лебядзіны», што на паўночным захадзе Менску побач з вадасховішчам «Дразды».
Арганізатар грамадзкага абмеркаваньня — Міністэрства прыроды і навакольнага асяродзьдзя Беларусі.
«Лебядзіны» прапануюць
- пераўтварыць з рэспубліканскага біялягічнага заказьніка ў проста рэспубліканскі заказьнік (бо паводле новых правілаў заказьнікі ня дзеляць на віды);
- забараніць у ім практычна любое будаўніцтва;
- дазволіць будаўніцтва толькі аб’ектаў ўпарадкаваньня і экатурызму: экасьцежкі, аглядальныя пляцоўкі і вышкі, альтанкі, павеці, памосты, лаўкі;
- забараніць выгул свойскіх жывёлаў;
- забараніць выкарыстаньне піратэхнікі з 15 лютага да 15 жніўня кожнага году.
Камэнтары на форуме неабавязкова ўлічаць пры прыняцьці праекту, але яны могуць быць разгледжаныя адказнымі асобамі.
Там усё роўна будуюць — проста выводзяць землі з тэрыторыі заказьніка
Ад «Лебядзінага» пачалі адразаць зямлю яшчэ ў 2014 годзе. Спачатку пастановай Савету Міністраў ягоную тэрыторыю зьменшылі на 8 гектараў.
У лютым 2018 году Аляксандар Лукашэнка ўнёс зьмены ў генплян Менску. Ад ляндшафтна-рэкрэацыйнай зоны адарвалі яшчэ 3,45 га ў раёне вуліц Ціміразева — Ратамскай.
Частку гэтых зямель перадалі кампаніі «Тапас», якая згодна з указам 2014 году будуе жылыя комплексы «Браслаўскі» і «Алімпік-парк» побач з заказьнікам (у межах праспэкту Пераможцаў — вуліц Браслаўскай і Ціміразева). Тамсама паўстала і лядовая арэна, на якой гуляе ў хакей Лукашэнка і каманды аматарскай лігі прэзыдэнцкага спартовага клюбу.
Зямельныя ўчасткі «Тапас» атрымаў без аўкцыёну, яму таксама далі розныя льготы. Сярод іншага Лукашэнка дазволіў «выдаляць аб’екты расьліннага сьвету без правядзеньня кампэнсацыйных пасадак» і «ажыцьцяўляць зьняцьце ўрадлівага пласта глебы». Комплексы дабудуюць у 2019 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сытуацыя катастрафічная». Ці выжыве менскі заказьнік пасьля забудовы кампаніяй хакеіста з каманды ЛукашэнкіКалі ў канцы 2018 году высьветлілася, што «Тапас» будуе «шматфункцыянальны комплекс» на землях, якія ўсё яшчэ ўваходзяць у тэрыторыю заказьніка, Лукашэнка падпісаў яшчэ адзін указ, які дадаткова зьменшыў межы «Лебядзінага».