У Эўропе пачаўся анамальна гарачы сэзон. Паводле прагнозаў, хваля моцнай сьпёкі ўзмоцніцца 27 чэрвеня, у некаторых рэгіёнах тэмпэратура можа перавысіць 40 градусаў паводле Цэльсія, паведамляе AFP.
Мэтэаролягі абвінавачваюць у гэтым сьпякотнае паветра з паўночнай Афрыкі на гэтым тыдні, якое ўжо забясьпечыла новыя чэрвеньскія рэкорды ў Эўропе.
27 і 28 чэрвеня слупкі тэрмомэтраў паднімуцца вышэй за 40 градусаў у Францыі, Гішпаніі і Грэцыі. Сыноптыкі папярэджваюць: лета 2019 году стане ў Эўропе самым гарачым з 2003 году, калі аналягічная анамалія за ліпень і жнівень забрала дзясяткі тысяч жыцьцяў.
- У Францыі ўжо павялічылася колькасьць званкоў у экстранныя мэдыцынскія службы, зьвязаных з надвор’ем. Чакаецца, што некаторыя школы ў краіне зачыняцца 27 і 28 чэрвеня, а ў некалькіх гарадах будзе абмежаваны рух, каб прадухіліць назапашваньне забруджанага паветра. Францускія ўлады не рызыкуюць пасьля таго, як у жніўні 2003 году анамальная сьпёка была названая прычынай сьмерці 15 тысяч чалавек.
- У Гішпаніі сотні пажарных і салдат тушылі лясны пажар у паўночна-ўсходнім рэгіёне Каталёніі. 28 чэрвеня 33 з 50 гішпанскіх правінцый сутыкнуцца з экстрэмальнымі тэмпэратурамі, якія могуць дасягаць 44 градусаў у Жыроне.
- У паўночнай і цэнтральнай частцы Італіі ўсталявалася сьпякота ад 37 да 40 градусаў, у тым ліку ў Рыме, Флярэнцыі, Міляне і Турыне. У сямі італьянскіх гарадах чакаюцца рэкордныя тэмпэратуры для чэрвеня, піша ВВС.
- У Грэцыі, дзе каля 100 чалавек загінулі ў выніку леташняга сьмяротнага пажару на прыбярэжным курорце Маці, бальніцы і ўлады знаходзяцца ў стане павышанай гатоўнасьці.
- У Нямеччыне 26 чэрвеня быў пабіты тэмпэратурны рэкорд 70-гадовай даўніны, у Брандэнбургу была зафіксаваная тэмпэратура 38,6 градуса, пацьвердзіла нямецкая служба надвор’я.
- У Польшчы 26 чэрвеня на паўднёвым захадзе была зафіксаваная самая высокая ў краіне тэмпэратура за чэрвень — 38,2 градуса паводле Цэльсія. Улады сьцьвярджаюць, што ў Польшчы і Літве патанулі дзясяткі людзей, якія спрабавалі астудзіцца ў азёрах і рэках.
- У Чэхіі таксама зафіксаваная самая высокая ў краіне тэмпэратура ў чэрвені: 38,9 градуса паводле Цэльсія ў паўночным горадзе Доксаны.
- У Бэльгіі чакаецца вялікая розьніца тэмператур: 19 градусаў на паўночным узьбярэжжы і 33 градусы на поўдні, паведамляе тэлекампанія RTBF.
- Новыя тэмпэратурныя рэкорды чэрвеня могуць быць таксама ўсталяваныя ў Аўстрыі і Швайцарыі — там у бліжэйшыя дні будзе каля + 38 °C, адзначае Washington Post.
- Сьпёка чакаецца нават у некаторых скандынаўскіх краінах, дзе летнія тэмпэратуры звычайна вельмі памяркоўныя: на поўдні Даніі і Швэцыі тэмпэратура на гэтым тыдні можа дасягнуць 30 градусаў.
У Беларусі сёлета ў чэрвені новыя тэмпэратурныя максымумы фіксаваліся 17 дзён (з 4 па 17 чэрвеня, 20, 21 і 26 чэрвеня). У некаторых гарадах, уключаючы Менск і Магілёў, абнавіліся рэкорды месяца.
Паводле Белгідрамэту, у наступныя дні ў Беларусі чакаецца ўмерана цёплае надвор'е і дажджы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 26 чэрвеня ў Беларусі пабіты тэмпэратурны рэкорд дня за ўвесь пэрыяд мэтэаназіраньняў