NATO пасьля выхаду Расеі з дамовы пра ракеты не адкажа аналягічным крокам

Енс Столтэнбэрг.

NATO не будзе адказваць аналягічна ў выпадку выхаду Расеі з дамовы пра ракеты сярэдняй і меншай далёкасьці. Пра гэта на пасяджэньні кіраўнікоў абаронных ведамстваў краін NATO ў Брусэлі заявіў кіраўнік ваенна-палітычнага саюза Енс Столтэнбэрг. Ён удакладніў, што дзеяньні NATO будуць абарончымі і разьмяшчаць ядзерныя ракеты ў Эўропе саюз не плянуе.

Паводле Столтэнбэрга, у рамках праграмы ядзернага стрымліваньня ўдзельнікі сустрэчы ў Бруселі дамовіліся аб сумесных ваенных вучэньнях, а таксама разьвіцьці сыстэм паветранай і супрацьракетнай абароны. СССР і ЗША падпісалі дамову аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці ў 1987 годзе. З 1988 года ў Эўропе не было балістычных і крылатых ракет, здольных праляцець адлегласьць ад пяціста да пяці з паловай тысяч кілямэтраў.

У лютым ЗША пачалі працэдуру выхаду з дамовы. У Вашынгтоне лічаць, што прынятая на ўзбраеньне Расеяй ракета «Наватар» парушае яе ўмовы. Масква адказала аналягічна і прыпыніла ўдзел у дагаворы. У NATO неаднаразова заклікалі Расею да захаваньня дамовы і ліквідацыі ракет, якія не адпавядаюць пагадненьню.