У чым галоўная праблема беларускага кансэрватызму

У прынцыпе, на пытаньне, пастаўленае ў загалоўку, можна адказаць адной фразай: «няма чаго кансэрваваць». Але я патлумачу больш разгорнута і падрабязна.

Сьцісла:

  • Асаблівасьць кансэрватыўных рухаў у многіх краінах — гэта рэальны ці мітычны «залаты век», на які арыентуюцца кансэрватары
  • Праблема беларускіх кансэрватараў у тым, што ім, як выглядае, немагчыма знайсьці такі час у найбліжэйшым мінулым, які можна ўспрымаць як арыентыр і ўзор для перайманьня.
  • Таму можна і варта маляваць «новы кансэрватызм», жывую, рухомую каштоўнасьць, якая не адрынае новыя сацыяльныя нормы, але не адмаўляецца ад сваіх «вечных» ідэяў.
  • Для беларусаў асноўныя ідэі кансэрватызму могуць успрымацца новымі і нават рэвалюцыйнымі, бо яны ёсьць альтэрнатывай тым левым каштоўнасьцям, якія панавалі ў краіне і за савецкім часам, і апошнія 25 гадоў.

Сучасны палітычны кансэрватызм — даволі разгалінаваны і ўплывовы ідэйна-палітычны рух, які ў розных заходніх краінах мае досыць моцныя пазыцыі ў грамадзка-палітычным жыцьці.

Рэспубліканцы ў ЗША, кансэрватары ў Вялікай Брытаніі, Хрысьціянскія дэмакраты ў Нямеччыне, «Народнікі» ў Гішпаніі ў апошнія дзесяцігодзьдзі альбо ўзначальвалі свае краіны альбо зьяўляліся адной зь некалькіх самых уплывовых палітычных сілаў.

У ЗША і Эўропе сучасны палітычны і сацыяльны кансэрватызм, пры ўсіх сваіх адрозьненьнях, мае шмат чаго агульнага — мае прыярытэт індывідуальных каштоўнасьцяў, абараняе свабоду слова і выказваньня, прадпрымальніцкую ініцыятыву, прывязанасьць да нацыянальных традыцыяў, выступае супраць ідэяў ураўнілаўкі, поўнай маёмаснай роўнасьці, за абмежаваньне і зьмяншэньне ўлады дзяржаўных інстытуцыяў, за абарону прыватнай уласнасьці. Сыходзячы з гэтых пастулятаў, кансэрватары скептычна ставяцца да надта хуткіх сацыяльных і маральных зьменаў, выступаюць за паступовы рух наперад, супраць рэвалюцыйных, не апраўданых натуральным разьвіцьцём грамадзтва, штуршкоў.

Кансэрватары зусім не зьяўляюцца рэтраградамі, яны часта выступаюць за зьмены, але такія, якія адпавядаюць іх каштоўнасьцям. Нездарма ў розныя гістарычныя пэрыяды ўзьнікаў тэрмін «кансэрватыўная рэвалюцыя» — як, напрыклад, падчас кіраваньня Маргарэт Тэтчэр у Брытаніі, дзе кансэрватыўны ўрад ажыцьцявіў даволі радыкальныя зьмены па прыватызацыі і адыходу ад сацыяльнай дзяржавы, якую будавалі лейбарысты.

Яшчэ адна асаблівасьць кансэрватыўных рухаў у многіх краінах — гэта рэальны ці мітычны (хто ж можа адрозьніць) «залаты век», на які арыентуюцца кансэрватары. Калі ўзяць, напрыклад, ЗША, то на сёньняшні момант 1950-я гады істотна страцілі свой раней усталяваны імідж «залатога века», але пакуль у масавай сьвядомасьці ніхто па-сур’ёзнаму не паставіў пад сумнеў 80-я гады, часы Рэйгана, эканамічнага посьпеху, перамогі ў халоднай вайне і найвялікшага аўтарытэту ЗША ў сьвеце.

Праблема беларускіх кансэрватараў у тым, што ім, як выглядае, немагчыма знайсьці такі час у найбліжэйшым мінулым, які можна назваць залатым векам, які можна ўспрымаць як арыентыр і ўзор для перайманьня. Савецкая эпоха ў лепшым выпадку зьяўляецца спрэчнай, а для большасьці беларускіх нацыянальных кансэрватараў — адназначна нэгатыўнай. Да таго ж настальгія па савецкім мінулым даўно прыватызаваная левымі і расейскімі шавіністамі.

Яшчэ раней, часы расейскай імпэрыі? Тут беларускі нацыяналіст і кансэрватар можа шанаваць толькі паўстаньні супраць расейскага панаваньня.

Натуральным чынам, адзінай гістарычнай эпохай для бясспрэчнага гонару застаецца ВКЛ. Так, гэта добра для школьных падручнікаў — але што мы можам узяць з той эпохі для цяперашняга жыцьця ў 21-м стагодзьдзі? Якія законы, сацыяльныя звычаі, традыцыі ВКЛ мы можам канкрэтна прымяніць у сёньняшніх рэаліях? Амаль ніякіх.

​Здаецца, беларускія кансэрватары разумеюць гэтую «гістарычную пастку» і таму некаторыя зь іх абралі для «залатога веку» зусім нядаўнюю гісторыю — кароткае беларускае Адраджэньне пачатку 90-х.

Беларусізацыя, адносныя палітычныя свабоды, плюралізм думак, зьяўленьне новых эканамічных адносінаў. Усё гэта так, але баюся, для пераважнай большасьці беларусаў 90-я застаюцца гадамі эканамічнага крызісу, нестабільнасьці, росту злачыннасьці, зьнікненьня звыклай дзяржаўнай падтрымкі. Наўрад ці большасьць людзей, якія перажылі 90-я, павераць, што гэта быў «залаты век», — калі заробак складаў 20 даляраў на месяц.

Атрымліваецца парадаксальная рэч — беларускаму кансэрватызму няма чаго «кансэрваваць».

Але гэта акурат можа стаць і нечаканай перавагай — бо няма неабходнасьці жорстка арыентавацца на нейкія вузкія і канкрэтныя гістарычныя пэрыяды, таму можна і варта маляваць «новы кансэрватызм», успрымаць яго як жывую, рухомую каштоўнасьць.

Каштоўнасьць, якая ўлічвае і не адрынае новыя сацыяльныя нормы, але не адмаўляецца ад сваіх «вечных» ідэяў. Цікава, што для беларусаў асноўныя пастуляты кансэрватызму акурат могуць успрымацца новымі і нават рэвалюцыйнымі, бо яны зьяўляюцца альтэрнатывай тым левым каштоўнасьцям калектывізму, роўнасьці і патэрналізму, якія панавалі ў краіне і за савецкім часам і ў апошнія 25 гадоў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.