Бацька застрэленага жыхара Чачні падзякаваў паліцэйскім за сьмерць сына

Рэзыдэнцыя прэзыдэнта Чачні Рамзана Кадырава

Жыхар Чачні Алхазур Барзаеў публічна адрокся ад сына, забітага ля рэзыдэнцыі кіраўніка рэспублікі Рамзана Кадырава ў цэнтры Грознага, яго праклялі блізкія сваякі. Такі матэрыял паказаў рэспубліканскі дзяржаўны канал, пішуць «Кавказ.Реалии».

У матэрыяле каналу «Грозны» Барзааў дзякуе супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія забілі яго сына. 21-гадовага Ахмэда Барзаева застрэліў супрацоўнік Расгвардыі 23 чэрвеня падчас нападу на пост ДПС побач з рэзыдэнцыяй Кадырава.

«Я бацька гэтага хлопца. Мы абняслаўленыя перад рэспублікай, перад людзьмі, перад усім сьветам, — цытуе выступ Барзаева „Каўказскі вузел“. — Мае стрыечныя браты, мае браты, мае дзядзькі, усе мы прыйшлі сюды... Няхай не даруе яму Ўсявышні. Кіньце яго ў якую-небудзь выграбную яму, і хопіць, у мяне дома няма жалобы. Не выказвайце мне словаў спачуваньня [...] ён ня мой сын, ён выявіўся не маім сынам, а бруднай істотай, шайтанам аказаўся».

Паводле вэрсіі сьледзтва, 21-гадовы Ахмэд Барзаеў прыехаў на машыне да паста і там напаў з нажом на інспэктара дарожна-паставой службы. Пасьля гэтага ён двойчы стрэліў у супрацоўніка Расгвардыі, які паспрабаваў заступіцца за паліцэйскага. Той у адказ застрэліў яго.

Адказнасьць за гэта ўзяла на сябе тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава», паведаміла група SITE Intelligence Group. Сама групоўка не падала якіх-небудзь доказаў дачыненьня да падзеі.

  • У красавіку сёлета некалькі сваякоў, якія жывуць у Чачні, публічна адракліся ад блогера Тумсо Абдурахманава, які хаваецца ў Польшчы пасьля крытыкі бацькі кіраўніка рэспублікі — Ахмата Кадырава.
  • У студзені 2017 ад сына адхрышчваўся бацька чачэнца Магамеда Рашыдава, які, паводле вэрсіі ўладаў, кіраваў нападам на паліцэйскіх у Шалі.