На цырымоніі адкрыцьця Эўрапейскіх гульняў несьлі банэр з цытатай з аповесьці Васіля Быкава «Сотнікаў»: «Адзіная рэальная каштоўнасьць у чалавека на сьвеце – яго жыцьцё».
Ісьціна нібыта банальная (пазбаў чалавека жыцьця – ня будзе і яго самога), але прыклад таго ж Сотнікава надае ёй амбівалентнасьць і нават, у пэўным сэнсе, абвяргае: існуе нешта больш важнае, чым проста фізычнае існаваньне. Такое, дзеля чаго варта разьвітацца і з жыцьцём.
Быкаў увогуле не належаў да ліку пісьменьнікаў, якія злоўжывалі павучальнымі канстатацыямі ў мастацкай прозе, у яго быў іншы творчы мэтад. А вось у публіцыстыцы Быкаў казаў наўпрост – і мы сабралі два дзясяткі выказваньняў за апошнія дзесяцігодзьдзі ягонага жыцьця.
Яны не прагучаць на цяперашніх афіцыйных цырымоніях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вы ведаеце пра Васіля Быкава? ТЭСТ- «Даўно вядома, што дэмакратыя можа разьвівацца толькі ад няпоўнай дэмакратыі да больш дасканалай, поўнай. А ва ўмовах таталітарызму дэмакратыя ня можа існаваць нават у зачатках» (1995).
- «Беларусь робіць выгляд, што ў яе ёсьць уласнае выйсьце, якое палягае ў руху назад, дзе быццам было лепей. Трэба наперадзе шукаць выйсьця з катастрофы, а не вяртацца назад, каб паўтарыць яе зноўку» (1996).
- «Беларусь яшчэ нават не ўсьведамляе важнасьці сувэрэннасьці. І яшчэ пакуль мы топчамся на праблемах нацыянальнай ідэі. У Эўропе ўжо даўным-даўно з гэтай праблемай скончана – у нас яшчэ яна дыскутуецца» (1996).
- «Падпісаньне саюзнай дамовы – гэта ўвогуле злачынства стагодзьдзя. Гэта, безумоўна, генацыд беларускай нацыі, канец яе гісторыі» (1999).
- «Беларусь як дзяржава, як даўні сябра і нават заснавальнік ААН, мае права на ўласнае сувэрэннае існаваньне. А тое, што робіць Лукашэнка і ягоны рэжым, накіравана на поўную ліквідацыю гэтай сувэрэннасьці» (2000).
- «Рэжым будзе няўхільна доўжыць сваю палітыку і далей. Асабліва ў атмасфэры таго, што адбываецца ў Расеі ў сувязі зь перамогай пэўных сілаў, якія надаюць другое дыханьне нашай беларускай дыктатуры» (2000).
- «Народ, як і сто гадоў таму, ва ўмовах несвабоды, «цёмны і сьляпы, нібы крот». Але той факт усяляк хаваецца ад сьвету, у тым ліку і ад народу» (2001).
- «Беларусь выпала з нармальнага, натуральнага гістарычнага працэсу. Беларусь – гэта анамалія» (2001).
- «Мне думаецца, што толькі ў сям'і эўрапейскіх народаў будучыня Беларусі» (2001).
- «Сьцяг і герб не ствараюцца пад пэўны палітычны момант ці пад пэўнага ўладаатрымальніка – яны вечныя і спрадвечныя. Шчасьце беларусаў у тым, што гэткая сымболіка ў нас ёсьць, яна дайшла да нас ад сівой даўніны. Але яе ў нас скралі, нахабна абрабавалі нацыю, што страшней за эканамічны рабунак і аналягічна нацыянальнаму генацыду» (2001).
- «Улада па сутнасьці сваёй была камуністычная з самага пачатку адкрыцьця Курапатаў і працягвае такой быць – яна ня можа пайсьці на прызнаньне злачынстваў камуністычнай улады ў 1930-я гады» (2001).
- «Свабода – найбольшая маральна-фізычная каштоўнасьць, дадзеная кожнай жывой істоце фактам яе нараджэньня» (2002).
- «Рушыцца эканоміка, народ даведзены да галечы, гвалтам нішчацца нацыянальная культура і мова» (2002).
- «Камуністычная псыхалёгія стаіць на шляху дэмакратызацыі ды спазнаньня ісьціны» (2002).
- «Маладым беларусам дзяржава дае толькі вельмі шмат прапаганды, прычым прапаганды наймахровейшай, прапаганды аджылага, і больш – нічога» (2002).
- «На нашым даляглядзе так званая інтэграцыя, якая ёсьць нічым іншым як аншлюсам Расеі ў дачыненьні да заходняй маленькай краіны» (2002).
- «Сталінізм ёсьць зьява цалкам антыгуманная, антыхрысьціянская, антычалавечая. І толькі духоўныя мутанты могуць цяпер да таго імкнуцца» (2003).
- «Перамогу сапраўды адабралі. І ў беларусаў, і ў расейцаў, і ня толькі. І адабраў яе ня хто іншы, як самы вялікі кумір гэтых народаў – «вялікі» Сталін» (2003).
- «Немцы зразумела ўрэшце, што такое фашызм. Яны пабылі дванаццаць гадоў у яго тлуме, і ўрэшце ім далі ўрок, які яны засвоілі. Што ж да беларусаў, дык яны, апрача ўсяго іншага, аказаліся вельмі кепскімі вучнямі гісторыі» (2003).
- І, нарэшце, самыя апошнія словы самага апошняга ў жыцьці Быкава інтэрвію, сказаныя ў чэрвені 2003-га, за некалькі дзён да сьмерці, што робіць іх запаветам: «Усімі даступнымі спосабамі трэба змагацца за родную мову».
Крыніцы: Васіль Быкаў. «Доўгая дарога дадому», «Быкаў на Свабодзе».