24 чэрвеня суд Валожынскага раёну абвясьціў прысуд кіроўцу маршруткі, які ўвосень 2018 году вёз пасажыраў зь Менску ў Гародню, не заўважыў, што праз рамонт дарога зьмяняе напрамак, і трапіў у ДТЗ, паведамляе Tut.by. У аварыі загінулі два чалавекі, яшчэ 13 атрымалі траўмы.
Суд прызнаў 46-гадовага кіроўцу вінаватым у парушэньні правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць двух чалавек, прычыненьні цяжкіх і менш цяжкіх цялесных пашкоджаньняў (ч. 3 арт. 317 КК Беларусі). Яму прызначылі пакараньне ў выглядзе 6 гадоў калёніі ва ўмовах пасяленьня з пазбаўленьнем права кіраваньня транспартнымі сродкамі на 5 гадоў.
Таксама кіроўца павінен сплаціць пацярпелым кампэнсацыю маральнай шкоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Відавочцы: на трасе Менск — Горадня адбылося жудаснае ДТЗ з маршруткай. АбноўленаАварыя здарылася 18 кастрычніка 2018 году, каля 19.40 на 74-м кілямэтры трасы М6 Менск — Горадня. 46-гадовы жыхар Горадні, які кіраваў маршрутным таксі Mercedes-Benz, не ўлічыў дарожную абстаноўку (праз рэканструкцыю трасы быў зьменены кірунак руху аўтамабіляў) і ўехаў у бэтонную агароджу.
У выніку аварыі двое пасажыраў загінулі: 66-гадовая жанчына памерла на месцы, 71-гадовы мужчына — у бальніцы. Кіроўца і 13 пасажыраў маршруткі, сярод якіх 11-гадовая і пяцігадовая дзяўчынкі, жанчына на 5-м месяцы цяжарнасьці, з траўмамі рознага характару былі шпіталізаваныя.
Як паведамлялася, ад моманту атрыманьня правоў кіроўца парушыў правілы дарожнага руху 130 разоў. За апошнія 2 гады ў базе ДАІ былі зафіксаваныя больш за 30 ягоных парушэньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Узялі пад варту кіроўцу маршруткі, якая трапіла ў сьмяротную аварыю на трасе Менск — Горадня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 130 разоў парушыў правілы кіроўца маршруткі, якая трапіла ў сьмяротную аварыю пад Валожынам