Мэмарыяльны знак расейскаму цару Пятру І плянавалі адкрыць 26 чэрвеня, у гадавіну вызваленьня Горацкага раёну ад нацыстаў, але аблвыканкам вырашыў, што парушаныя працэдуры ўзгадненьня.
Райвыканкам не падаваў заяўкі на ўстаноўку знаку
Пра намер ушанаваць Пятра І стала вядома з праграмы ўрачыстасьцяў, якую апублікавала мясцовая раённая газэта «Горацкі веснік». Пасьля публікацыяў у незалежных СМІ праграму падкарэктавалі. Зь яе зьнікла адкрыцьцё памятнага знаку расейскаму цару.
У Горацкім райвыканкаме адмаўляюцца гаварыць пра сытуацыю з памятным знакам. Ва ўпраўленьні культуры Магілёўскага аблвыканкаму заявілі, што «знак устанаўліваць ня будуць». Кіраўнік упраўленьня Алег Стэльмашонак заявіў Свабодзе, што райвыканкам «не падаваў заяўкі ў адпаведнасьці з законам» на ўстаноўку знаку.
На пастамэнт непадалёк ад райвыканкаму (ён ужо гатовы) у Горках плянавалі паставіць муляж гарматы ХVІІІ стагодзьдзя і шыльду. Такім чынам хацелі адзначыць знаходжаньне Пятра І у Горках падчас Паўночнай вайны ў 1708 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горках вырашылі ўшанаваць расейскага цара Пятра ІПятра І зьбіраліся ў Горках увекавечыць у 2015 годзе
Упершыню ідэя ўвекавечыць у Горках памяць пра Пятра І агучвалася ў 2015 годзе. Мясцовая газэта апублікавала ліст з такой прапановай, падпісаны былым выкладчыкам сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандрам Сенцюровым. Супраць выступіла дырэктарка гісторыка-этнаграфічнага музэю Сьвятлана Макеева. Яна заявіла, што для стварэньня памятнай дошкі Пятру І няма падставаў:
«Паўночная вайна прынесла жыхарам беларускіх зямель велізарныя страты, абвастрыла эканамічную і палітычную сытуацыю ў краіне. Гістарычныя дакумэнты сьведчаць пра марадэрства, рабаўніцтва і гвалт ня толькі швэдзкіх, а і расейскіх войскаў», — адзначала яна.
Што рабілі Пётар І і яго войска ў Беларусі
Войскі расейскага цара Пятра І знаходзіліся на беларускіх землях падчас Паўночнай вайны (1700–1721). Рэч Паспалітая тады была саюзьніцай маскоўскага цара ў вайсковай кампаніі супраць швэдзкага караля Карла XII. Расейцы раскватаравалі ў Беларусі 70 тысяч сваіх жаўнераў, утрыманьне якіх стала абавязкам мясцовага насельніцтва.
Улетку 1705 году Пётар І разам са сваім хаўрусьнікам Аляксандрам Меншыкавым і некалькімі афіцэрамі ў полацкім Сафійскім саборы забілі пяць уніяцкіх сьвятароў. Храм абрабавалі, а ў ягоных сутарэньнях зрабілі парахавы склад. Празь пяць гадоў яго ўзарвалі, зьнішчыўшы Сафію амаль дашчэнту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Неўскага да Аляксія II. Якім чужым героям паставілі помнікі ў сучаснай БеларусіУ верасьні 1708 году расейскія войскі спалілі Віцебск, Воршу, Амсьціслаў, Дуброўну, што непадалёк ад Горак. Да таго ж абрабавалі і спалілі Магілёў.
За гады Паўночнай вайны Беларусь страціла ад баявых дзеяньняў, голаду і эпідэміяў 700 тысяч жыхароў — кожнага трэцяга. Вайна прывяла да глыбокага палітычнага крызісу і падзелу ў 1772 годзе тагачаснай дзяржавы беларусаў — Рэчы Паспалітай.