Дачка былога прэзыдэнта Ўзбэкістана Іслама Карымава Гульнара Карымава, якая адбывае пакараньне ў калёніі, зьвярнулася да прэзыдэнта краіны з просьбай праявіць гуманізм.
Яна распавядае аб сваім дрэнным самаадчуваньні і абяцае на прэтэндаваць на $ 686 млн, якія захоўваюцца на яе рахунках у замежных банках.
Зварот Карымавай ў сторыс Інстаграма апублікавала яе дачка Іман. Гульнара Карымава паведамляе аб канфіскаваных у яе сродках:
«Я хачу абвясьціць, для пратаколу, што да гэтага часу выключна мае асабістыя актывы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ўзбэкістана, ужо выйшлі з маёй уласнасьці і працуюць на карысьць рэспубліканскага бюджэту, што пацьвярджаецца некалькімі мясцовымі расьсьледаваньнямі, на суму ў памеры $1,2 млрд даляраў ЗША».
Яна таксама піша, што на рахунках у яе ёсьць яшчэ грошы, на якія яна абяцае не прэтэндаваць. Гаворка пра 686 млн даляраў.
Карымава адбывае пакараньне ў жаночай калёніі № 21 у Ташкенцкай вобласьці, куды яе з-пад хатняга арышту перавялі ў сакавіку 2019 года.
У 2015 годзе ў дачыненьні да Карымавай ў Швэцыі, Швайцарыі і ЗША завялі крымінальныя справы, абвінаваціўшы дачку прэзыдэнта ў прысваеньні каля мільярда даляраў.
У сьнежні 2017 годзе Гульнару Карымаву асудзілі ва Ўзбэкістане за фінансавыя злоўжываньні на суму каля $ 53 млн. Яе прысудзілі да 10 гадоў пазбаўленьня волі, аднак пасьля абскарджаньня прысуд зьмякчылі — 5 гадоў абмежаваньня волі (хатняга арышту). У калёнію яе, як паведамлялася, перавялі за парушэньні парадку ўмоваў адбыцьця хатняга арышту — выкарыстаньне інтэрнэту, выхады з дому, «стварэньне перашкодаў» кампэнсацыі ўрону.