22 чэрвеня ў Нью-Брансуіку, штат Нью-Джэрзі, ЗША, адбылося ўручэньне мэдалёў да стагодзьдзя БНР. Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла ўручыла мэдалі палітыку Зянону Пазьняку, некалькім грамадзкім дзеячам, у тым ліку Янку Запрудніку, Вітаўту Кіпелю, Але Орса-Рамана, Ганьне Сурмач, а таксама першаму амбасадару ЗША ў Беларусі Дэвіду Суорцу, паведамляе Рада БНР.
Зянон Пазьняк - адкрывальнік Курапатаў, лідэр Беларускага Народнага Фронту, старшыня Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня.
Вітаўт Кіпель — дзяяч беларускае дыяспары ў ЗША, публіцыст, дасьледчык, аўтар некалькіх кнігаў па гісторыі Беларусі і беларускай дыяспары ў ЗША.
Вячка Станкевіч — журналіст і дзяяч беларускае дыяспары ў ЗША, дырэктар беларускае службы «Радыё Свабода» з 1990 па 1998 гг., старшыня Галоўнай управы Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў 1969-1971 і 2007-2011 гг.
Ала Орса-Рамана — грамадзкі і культурны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША, амэрыканскі вучоны-хімік. Прапагандуе ў ЗША беларускую культуру і гісторыю. Дапамагала пацярпелым ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.
Ганна Сурмач — журналіст і грамадзкі дзеяч, у 1993 годзе старшыня Згуртаваньня Беларусаў Сьвету «Бацькаўшчына», пазьней дзеяч беларускай дыяспары ў Чэхіі і ЗША, старшыня Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, рэдактар газэты «Беларус».
Дэйвід Суорц на працягу 29 гадоў працаваў дыпляматам у Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША. У 1992-1994 годзе — першы амбасадар Злучаных Штатаў у Рэспубліцы Беларусь. Быў адным з арганізатараў візыту прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана ў Беларусь у студзені 1994 году. У цяперашні час д-р Суорц — адзін з выканаўчых дырэктараў Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў Паўднёва-заходняга ўнівэрсытэту, штат Канзас.
Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі) — беларускі гісторык і публіцыст, адзін з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.
Томас Бёрд — амэрыканскі беларусіст, атрымаў мэдаль за шматгадовую актыўную дзейнасьць у справе прапаганды беларускай культуры ў Амэрыцы.
Мэдаль быў зацьверджаны ў дні сьвяткаваньня 100-годзьдзя незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі і «ўручаецца за пажыцьцёвыя заслугі ў працы дзеля зьдзяйсьненьня ідэалаў Акту 25 сакавіка 1918 г., у тым ліку за дасьледаваньні і папулярызацыю беларушчыны, здабыцьцё і ўмацаваньне дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі, барацьбу за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі».
Мэдалём у памяць 100-годзьдзя БНР узнагароджаныя больш як 180 асобаў. Уручэньне мэдалёў будзе адбывацца цягам году.