Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што масавыя затрыманьні і дэпартацыя нелегальных імігрантаў, пачатак якіх быў заплянаваны на 23 чэрвеня, адкладаюцца на два тыдні.
Як заўважыў Трамп, ён пагадзіўся на затрымку «па просьбе дэмакратаў», а канкрэтна — у выніку тэлефоннай размовы са сьпікерам Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі.
Тым ня менш, падкрэсьліў прэзыдэнт, першапачатковы плян будзе рэалізаваны, калі па заканчэньні двухтыднёвага тэрміну «абедзьве партыі ў Кангрэсе» ня знойдуць рашэньня крызыснай сытуацыі, якая склалася на паўднёвай мяжы.
Адміністрацыя, сярод іншага, дамагаецца ад дэмакратаў згоды на ўзмацненьня жорсткасьці правіл прадастаўленьня палітычнага прытулку мігрантам з Цэнтральнай Амэрыкі і палягчэньня парадку іх высылкі з краіны. Да гэтага часу дэмакраты адпрэчвалі гэтыя патрабаваньні, называючы іх «антыгуманнымі».
Выказваюцца засьцярогі, што парлямэнтарам можа не хапіць часу на выпрацоўку рэзалюцыі з-за перапынку ў працы Кангрэсу ў сувязі са сьвяткаваньнем Дня незалежнасьці.
На наступным тыдні ў абедзьвюх палатах Кангрэса намечана галасаваньне па рэзалюцыі аб выдзяленьні 4,5 мільярдаў даляраў на паляпшэньне ўмоў часовага ўтрыманьня незаконных мігрантаў у спэцыяльных прыёмніках.
У траўні памежнікі перахапілі на мяжы з Мэксыкай больш за 129 тысяч мігрантаў, якія ня мелі дазволу на ўезд у ЗША.