Я часта бачу, як дарослыя і адукаваныя людзі цалкам сур’ёзна кажуць, што фэмінізм ужо перамог. І вось мы жывем у гэтым сьвеце, дзе жанчын нібыта ніхто ніяк не ўціскае і не дыскрымінуе. У сьвеце, дзе з нас могуць зьдзекавацца гадамі, а калі мы нарэшце абаронім сябе ад зьдзекаў, нас будуць судзіць як самых звычайных забойцаў. І ў нашую падтрымку будзе выказвацца зусім маленькая частка грамадзтва, бо большасьць людзей будзе ўпэўнена, што іх гэта ня тычыцца.
Сёстры Хачатур'ян у Маскве гадамі цярпелі псыхалягічны, фізычны і сэксуальны гвалт. Бацька выгнаў з дому іх старэйшага брата, іх маці, ім самім фактычна не даваў наведваць школу, біў іх і гвалціў. Аднойчы яны не вытрымалі і забілі яго, і цяпер іх судзяць за забойства групай асобаў па папярэдняй змове. Судзяць так, нібыта яны пачвары, якія забілі ні ў чым не вінаватага чалавека і ўвогуле ўяўляюць небясьпеку для грамадзтва.
Гэтым судом расейская дзяржава літаральна расьпісваецца ў сваёй бесчалавечнасьці, а нашая ціхенечка стаіць побач. Моўчкі падтрымлівае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве прайшлі пікеты ў абарону сясьцёр Хачатур’янГэта неверагодны цынізм: спачатку дзяўчатам не аказалі ніякай падтрымкі, а цяпер робяць зь іх жорсткіх забойцаў. І кажуць, што яны павінны былі сысьці, павінны былі знайсьці іншы спосаб выратавацца, што чалавечае жыцьцё бясцэннае ў любым выпадку, і што хай, вядома ж, бацька зь іх і зьдзекаваўся, але... І за гэтым «але» ідуць самыя розныя аргумэнты, заснаваныя на ідэі, што ахвяры сыстэматычнага гвалту з боку ўласнага бацькі павінны былі быць разважлівымі, думаць рацыянальна і праяўляць гуманнасьць.
Але яны яму нічога ня вінныя. Гэта грамадзтва віннае ім – прытулак, рэабілітацыю, псыхалягічную і матэрыяльную падтрымку. Я ня ведаю, ці можна прыдумаць справядлівую кампэнсацыю для гэтых дзяўчат, але ніхто і не спрабуе гэтага зрабіць: іх будуць не рэабілітаваць, а судзіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да галадоўкі «Маці 328» далучылася яшчэ адна жанчынаШто тычыцца розных дзяржаўных інстытуцый, якія мусілі своечасова абараніць дзяўчат ад зьдзекаў, дык іх ніхто ня судзіць і, здаецца, не зьбіраецца. Паліцыя сьцьвярджае, што нагодаў умешвацца ў справы сям’і не было, бо дзяўчаты не падавалі заяваў супраць бацькі.
Вам гэтая рыторыка нічога не нагадвае?
Так, у Беларусі дзяржава кіруецца той жа самай лёгікай: зьдзекавацца зь людзей, вядома ж, ня вельмі добра, але што паробіш. А вось абараняцца ад агрэсараў трэба вельмі-вельмі асьцярожна, каб суд не палічыў вашыя дзеяньні наўмысным прычыненьнем шкоды здароўю, спробай забойства альбо наўмысным забойствам.
У нас няма і не прадбачыцца закону аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту, дагэтуль лічыцца прыстойным задаваць пытаньні накшталт «а чаму яна не сышла?», можна біць родных і заставацца пры гэтым паважаным чалавекам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 1 лютага cацыяльна небясьпечным становішча вызначаюць па-новаму. Якая роля лекараў, мільцыянтаў, настаўнікаўГрамадзтва дазваляе агрэсарам быць нелягічнымі і жорсткімі, але літаральна пад лупай разглядае кожнае (ня)дзеяньне іх ахвяраў: а ці зрабілі яны ўсё магчымае і немагчымае, каб не правакаваць гвалт, а ці дастаткова моцны ў іх характар, каб выгнаць агрэсара пасьля першага ж удару, а ці ўмеюць яны сілай думкі кантраляваць дзеяньні садыста, і як гэта яны пасьмелі ня ўмець так рабіць?
Я разумею, што ў гісторыях накшталт гісторыі сям’і Хачатур'ян шмат каму хочацца знайсьці нейкую залатую сярэдзіну паміж тым, каб выказаць падтрымку дзяўчатам, і тым, каб нагадаць, што забіваць нельга. Але гэта той самы выпадак, калі адшукаць кампраміс не атрымаецца: вы можаце альбо лічыць, што дзяўчаты заслугоўваюць пакараньня, альбо быць упэўненымі, што ім трэба дапамога і рэабілітацыя. Трэба абраць нешта адно.
Я адназначна абіраю другі варыянт. Іх няма за што караць, у іх можна толькі бясконца прасіць прабачэньня за тое, як навакольныя дапусьцілі ўвесь гэты жах, ім трэба толькі дапамагаць жыць далей.
А турма, я ўпэўнена, іх не палохае. Пасьля таго, што зрабіў з імі бацька, іх ужо нічым не напалохаць.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.