Польшча паслала на Эўрапейскія гульні ў Менску, якія адкрываюцца сёньня, 150 спартоўцаў. Гэта адна з найбольшых нацыянальных камандаў на менскіх спаборніцтвах.
Правы на асьвятленьне гэтых спаборніцтваў у польскім тэлеэтэры набыў тэлеканал Polsat Sport, які на сваёй інтэрнэтнай старонцы апошнім часам зьмясьціў шмат інфармацыі пра гульні.
У прыватнасьці, Polsat Sport адзначае, што ўзровень спаборніцтваў у некаторых відах спорту і дысцыплінах у Менску, як і на першых Эўрапейскіх гульнях у Баку ў 2015 годзе, будзе «сумнеўны». У гэтым кантэксьце згадваецца перш за ўсё лёгкая атлетыка. Адначасова тэлеканал шкадуе, што ў менскіх спаборніцтвах ня будзе, так як было ў Баку, валейболу, фэхтаваньня і горнага роварнага спорту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праграма, зоркі, прызавыя і агульны бюджэт. Самае важнае пра Эўрапейскія гульні ў МенскуЧэскі інтэрнэтны рэсурс Sport.cz цытуе аднаго з удзельнікаў чэскай каманды, дзюдаіста Давіда Клэмэрта, які ацэньвае арганізацыйную падрыхтоўку гульняў.
«Арганізацыя ў Менску моцна мяне зьдзівіла, мы часта езьдзім у Беларусь на зборы, і ўмовы там не заўсёды ідэальныя, так што я крыху баяўся, як тут усё будзе падрыхтавана. І я прыемна зьдзіўлены. Тут зроблена ўсё, што трэба спартоўцу, каб цалкам засяродзіцца на выніку», — сказаў Клэмэрт.
Прыхільна ацэньвае ўмовы, якія Беларусь стварыла спартоўцам, таксама славацкі партал Šport.sk:
«Як першае, так і другое ўражаньне пры наведваньні спартовай вёскі вельмі добрае, вёска адпавядае стандартам алімпійскіх гульняў, інтэрнаты сучасныя, прасторныя, добра абсталяваныя. У вялікай сталовай ёсьць вельмі багаты выбар смачных страваў, што бывае праблемай для спартоўцаў, якія павінны „ўпісвацца“ ў вагавыя катэгорыі. У вёсцы таксама ёсьць некалькі спартовых збудаваньняў, у тым ліку стадыён, на якім могуць рыхтавацца спартоўцы».