Рада Эўрапейскага зьвязу падоўжыла абмежавальныя меры ў дачыненьні Расеі за анэксію Крыму да 23 чэрвеня 2020 году.
«Празь пяць гадоў пасьля анэксіі Крыму і Севастопалю Расеяй Эўразьвяз застаецца цьвёрдым у сваёй прыхільнасьці сувэрэнітэту Ўкраіны і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці. ЭЗ не прызнае і працягвае асуджаць гэта парушэньне міжнароднага права», — гаворыцца ў заяве Рады ЭЗ.
Эўракамісія ўхваліла падаўжэньне санкцый яшчэ 12 чэрвеня, прэс-рэліз аб прыняцьці рашэньня апублікаваны на сайце ведамства 20 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапарлямэнт перастаў лічыць Расею стратэгічным партнэрамЗгодна з заявай Рады ЭЗ, захады прымяняюцца да асоб і кампаній, якія базуюцца ў Эўразьвязе.
Санкцыі забараняюць:
- імпартаваць прадукцыю з Крыму або Севастопалю ў Эўразьвяз;
- купляць нерухомасьць або прадпрыемствы ў Крыме;
- фінансаваць крымскія кампаніі;
- экспартаваць для крымскіх кампаній або для выкарыстаньня ў Крыме тавары і тэхналёгіі ў транспартным, тэлекамунікацыйным і энэргетычным сэктарах, а таксама зьвязаных з выведкай і здабычай нафты, газу і мінэральных рэсурсаў.
Абмежаваньні таксама ўключаюць турыстычныя паслугі ў Крыме або Севастопалі: эўрапейскія круізныя лайнэры ня могуць заходзіць у парты Крымскага паўвострава, акрамя выпадкаў крайняй неабходнасьці.
Эўразьвяз накладае абмежавальныя меры на Расею з 2014 году. Гэта эканамічныя санкцыі супраць асобных сэктараў расейскай эканомікі, дзеяньне якіх у цяперашні час заканчваецца 31 ліпеня 2019 году, а таксама абмежавальныя захады да 170 фізычных і 44 юрыдычных асоб, чые актывы падлягаюць замарожваньню.