Грузінская паліцыя завяршыла разгон акцыі пратэсту, якая пачалася на праспэкце Руставелі ў Тбілісі ўвечары 20 чэрвеня.
Першы час паведамлялася, нібы паліцыянты не перашкаджаюць дэманстрантам і нават аддаюць ім шчыты. Затым — што пратэстоўцаў, якія ўварваліся ў парлямэнт, проста спрабуюць адцясьніць без ужываньня спэцсродкаў.
Урэшце пасьля некалькіх гадзінаў сутычак дэманстрантаў з паліцыяй, якая выкарыстоўвала сьлёзацечны газ, дубінкі і гумовыя кулі, у цэнтры Тбілісі было арыштавана некалькіх дзясяткаў дэманстрантаў.
Улады паведамляюць пра 70 параненых, зь якіх 39 — паліцыянты.
Прычынай пратэсту апазыцыі і значнай часткі грамадзкасьці стаў удзел у пасяджэньні Міжпарлямэнцкай асамблеі праваслаўя дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі Сяргея Гаўрылава.
Нягледзячы на тое, што Гаўрылаў займае пасаду прэзыдэнта Асамблеі, многіх у Грузіі абурыла тое, што яго пусьцілі ў краіну і што ён вёў пасяджэньне асамблеі ў будынку грузінскага парлямэнту з месца сьпікера.
Напярэдадні візыту ў Тбілісі дэпутат пацьвердзіў, што лічыць незваротным прызнаньне Расеяй Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі незалежнымі ад Грузіі.
Раніцай апазыцыйныя партыі блякавалі залю пасяджэньняў заканадаўчага органу, пасьля чаго міжпарлямэнцкая асамблея спыніла працу.
Апазыцыйныя актывісты атачылі тбіліскі гатэль, дзе жылі расійскія дэпутаты, але мясцовая паліцыя здолела іх эвакуяваць. Гаўрылава на выхадзе з гатэлю аблілі вадой. Расейцы вылецелі ў Маскву першым рэйсам.