Пуцін: сёньня не стаіць пытаньне аб’яднаньня Расеі і Беларусі ў адну дзяржаву

Уладзімір Пуцін

Расея і Беларусь не зьбіраюцца абʼядноўвацца ў адну паўнавартасную дзяржаву. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас «Прамой лініі» 20 чэрвеня, паведамляе Інтэрфакс.

«У нас на сёньняшні дзень не стаіць пытаньне аб абʼяднаньні ў адну дзяржаву. Гаворка ідзе аб рэалізацыі дамовы, якая была падпісана ўжо шмат гадоў таму, аб стварэньні так званай „саюзнай“ дзяржавы — гэта не адзіная дзяржава, гэта не адно і тое ж», — заявіў Пуцін.

Паводле Пуціна, «там многа элемэнтаў, аж да стварэньня саюзнага парлямэнту, увядзеньня агульнай валюты і гэтак далей».

Ён сказаў, што Расея і Беларусь зрабілі нямала ў рэалізацыі саюзнай дамовы, але гэтага недастаткова, павінны больш.

«Нешта не было зроблена з боку Расеі, Расея затармазіла, нешта не было зроблена з боку Беларусі. Мы цяпер дамовіліся з Аляксандрам Лукашэнкам пра тое, што мы вернемся да гэтай дамовы і разам паглядзім, што ж трэба рэалізаваць з таго, што не было зроблена. І ў што трэба ўнесьці адпаведныя карэктывы. Вось зараз экспэртныя групы, сфармаваныя на ўзроўні кіраўнікоў урада, намесьнікаў кіраўнікоў урада, цяпер гэтым актыўна займаюцца», — цытуе «РИА Новости» Пуціна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што хавае ад грамадзкасьці кіраўніцтва Беларусі і Расеі?

«На самой справе і зроблена, дарэчы кажучы, нямала. У тым ліку ў сацыяльнай сфэры, з пункту гледжаньня свабоднага перамяшчэньня тавараў і паслуг, людзей, з пункту гледжаньня сацыяльных гарантый з абодвух бакоў. На самай справе зроблена нямала, але, на мой погляд, гэтага недастаткова. Можам зрабіць і павінны зрабіць значна больш​».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новае прызначэньне Бабіча: «Гармату» выкацілі на новую пазыцыю