Старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук на сустрэчы з кіраўніцтвам «Брэстгазаапарату» 19 чэрвеня ўпершыню пракамэнтаваў прыпыненьне будаўніцтва акумулятарнага заводу, піша «Салідарнасьць». Такое рашэньне пяцьцю днямі раней прынялі абласныя ўлады.
Паводле выданьня, кіраўнік гораду назваў завод «АйПаўэр» «самым вялікім гемароем для Берасьця». У гарвыканкаме Свабодзе пацьвердзілі, што такая фраза сапраўды прагучала:
«Слова „гемарой“ мэр спачатку сапраўды вымавіў, але адразу сказаў, што гэта не для запісу, і паправіўся словамі: „вялікая праблема для гораду“».
Аляксандар Рагачук адзначыў, што калі будаўніцтва заводу фактычна завяршылася, выявіліся такія парушэньні, для ліквідацыі якіх «інвэстар павінен альбо вярнуцца на ўзровень праектаваньня, альбо шукаць нейкія іншыя тэхналягічныя рашэньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 12 высноваў з драматычнай гісторыі вакол Берасьцейскага акумулятарнага заводуНа паседжаньні згадвалася, што выкіды сьвінцу, як паказала дзяржаўная экалягічная экспэртыза, перавышаюць запраектаваныя больш як у 100 разоў. Рагачук абурыўся, што кіраўніцтва заводу не прызнае адказнасьці — казаў, «ня трэба рабіць з нас папуасаў і даказваць адваротнае».
«АйПаўэр» раней сьцьвярджаў, што не атрымаў ад Міністэрства прыроды афіцыйнага заключэньня аб парушэньнях. Кіраўніцтва заводу заяўляе, што зьбіраецца працягнуць пусканаладачныя працы на аб’екце.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.